Старонка:Гудкі (1930).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бывала імчыцца
вей-вецер
і вецьце
лёгкім павевам авее…
І птушкі зайграюць
сасонцы
да сонца
зайграюць на гусьлях зялёных…
Цяпер, як скала,
скамянеўшы лягла,
закрыўшы галінкамі скроні.

2

Эх, сасоньніца-сасна, —
дні суровыя…
Бервяно да бервяна —
хата новая.
Дый спрадвечная дрыгва,
нібы раніца,
Буйным цьветам хараства
зарумяніцца.
Гаратлівасьці былой
час пазбыцца нам.
Забудуем шыр балот
камяніцамі.
Эх, сасоньніца-сасна, —
дні суровыя…
Бервяно да бервяна —
хата новая.