Перайсці да зместу

Старонка:Грамадска-палітычныя і філасофскія ідэі твораў Ф. Багушэвіча (Лушчыцкі).pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

спраў у парэформеннай Беларусі ў паэме «Быў у чысцы».

А цяпер?.. Ой, штосьці кепска выходзе,
Цяпер ці не болей настала паноў?!
Не надта свабодна ў гэтай свабодзе,
І давай я лічыць паноў новых ізноў:
Стараста, соцкі, пісар, старшына,
Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд,
З'езд міравы, прысуцтвы і сход...
Аж паднялася са страху чупрына,
Аж пальцаў не стала на ўвесь гэты шчот,
А пальцамі-ж трэба карміць гэты люд![1]

Погляды Ф. Багушэвіча на рэформу 1861 года ў многім пераклікаюцца з поглядамі выдатнага беларускага рэволюцыянера-дэмакрата К. Каліноўскага, выкладзенымі ў «Мужыцкай праўдзе». Абодва яны лічаць, што рэформа не дала селяніну свабоды, што яна праведзена ўрадам у інтарэсах эксплаататараў-памешчыкаў і на шкоду сялянам. Каліноўскі і Багушэвіч звяртаюць увагу на той факт, што ў выніку рэформы значна вырасла колькасць прыгнятальнікаў.

Ідэйны ўплыў К. Каліноўскага на Ф. Багушэвіча моцна адчуваецца ў пастаноўцы паэтам і разуменні ім сялянскага пытання. Як і Каліноўскі, Багушэвіч ставіў сваім цэнтральным лозунгам барацьбу за інтарэсы народных мас і перш за ўсё — сялянства. Да гонару паэта-мысліцеля трэба адзначыць тое, што ў сваіх творах ён адлюстраваў найбольш істотную для яго часу класавую супроцьлегласць у вёсцы — супроцьлегласць паміж усім сялянствам і памешчыцкім класам. Адлюстроўваючы пераважна парэформенную, поўпрыгонніцкую беларускую вёску і яе асноўныя класы — сялян і памешчыкаў, Багушэвіч у той жа час асвятліў некаторыя істотныя рысы парэформеннага развіцця капіталізма ў Беларусі. Гэта развіццё характарызавалася тым, што «патрыярхальная вёска, якая ўчора толькі вызвалілася ад прыгоннага права, аддадзена была літаральна на паток і разграбленне капіталу і фіску. Старыя ўстоі сялянскай гаспадаркі і сялянскага жыцця, устоі, якія сапраўды трымаліся на працягу стагоддзяў, пайшлі на злом з незвычайнай хуткасцю»[2].

Ф. Багушэвіч у сваіх творах даў вобразы грабежнікаў працоўнага сялянства — арандатараў, купцоў, гандляроў, прапагандуючы ідэю нянавісці да гэтых крывасмокаў, якія здзекваліся над сялянствам горш нават, чым эксплататары-памешчыкі.

У вершы «Немец» паэт даў карціну пранікнення капіталізма ў памешчыцкае землеўладанне. Тут паказаны тыповыя прадстаўнікі капіталістычнага грамадства ў асобе прадпрыймальніка, арандатара, купца і гандляра. Усе яны прагныя да чужой працы, жывадзёры і ашуканцы.

Аўтар паказвае, як пранікненне капіталізма ў памешчыцкае землеўладанне разарае саміх памешчыкаў. Спачатку памешчык вымушаны быў прадаваць на корані лес. Прагны купец дзейнічае.

От ходзіць ён гэта, да ўсё дубы ліча,
Як трэба і грошы рускаму пазыча.
А як аблічыўся ды дубы абмераў,
У восені выгнаў з тысячу сякераў.
Счысціў пушчу чыста, за пасякі ўзяўся,
Як кабан раз'еўся, ды як пан зазнаўся[3].

Потым памешчык здае ў арэнду маёнтак. Млын купляе прадпрыймальны немец, які нядаўна прыбыў з-за мяжы і прывёз з сабой толькі дзве скрыпкі. Нарэшце, памешчык канчаткова разараецца, прадае за бясцэнак маёнтак, а сам едзе за граніцу. Адлюстроўваючы рэалістычную карціну няўхільнага развіцця капіталізма, якое суправаджалася ўзмацненнем эксплаатацыі працоўных, паэт паказвае, як нядаўні гандляр становіцца купцом, які купляе сабе ў горадзе дом, заводзіць там шыкоўную абстаноўку. Учарашні млынар купляе маёнтак, становіцца буйным вясковым эксплаататарам-прадпрыймальнікам. Ён цяпер — пан яшчэ большы, а «мужык быў голы, цяпер яшчэ гольшы».

Тыповы вясковы гандляр, заправіла ва ўсіх эканамічных і грамадзянскіх справах у вёсцы дадзен паэтам у вершы пра шынкара. Да адкрыцця шынка гэта быў звычайны местачковы абывацель. Ашуканствам, незаконным продажам спіртных напіткаў ён хутка разбагацеў.

Гадкоў са тры пашынкарыў —
Бог яшчэ дзяцей прыдарыў.
Ён прыдбаў кароў з дзесятак,
Панастроіў хляўкоў, хатак,
Купіў коніка, павозку
І стаў панам на ўсю вёску,
У атласах, пры загарку,
Наняў сабе і кухарку[4].

Паэт у рэалістычным плане развівае асноўную ідэю твора аб тым, як капіталістычныя адносіны ўсё глыбей пранікаюць у жыццё і быт вёскі. Аўтар праўдзіва паказвае, што па меры росту багацця шынкара змяняюцца адносіны людзей да яго. Раней ён быў непрыкметным. Людзі праходзілі міма, не заўважаючы яго. Потым ён «стаў першым у хаце госцем». Раней ён першым кланяўся сустрэчнаму, «а цяпер ідучы міма, усякі шапку яму здыме».

  1. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 77.
  2. В. І. Ленін. Творы, т. 15, стар. 183.
  3. Ф. Багушэвіч. Дудка беларуская Мацея
    Бурачка. Выданне другое. Кракаў, 1896,
    стар. 28.
  4. Ф. Багушэвіч. Смык беларускі Сымона
    Рэўкі з-пад Барысава. Выданне другое.
    Пецербург, 1908, стар. 21.