Перайсці да зместу

Старонка:Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны (1926).pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рыне[1], рашуча зацьвярджае, што кнігі Скарыны ў друкарскіх адносінах далёка перавышаюць ня толькі ранейшыя за іх царкоўна-славянскія, але нават і сучасныя Скарыне вэнэцыйскія выданьні[2], ён называе іх выдатнымі вытворамі друкарскага мастацтва[3] і лічыць, што яны могуць быць параўнаны толькі з найлепшымі нямецкімі выданьнямі пачатку XVI сталецьця[4].

І запраўды, трэба прызнаць, што паміж усіх іншых помнікаў стара-славянскага друку кнігі Скарыны, асабліва праскія яго выданьні, уяўляюць сабой нейкае выключнае зьявішча як па колькасьці зьмешчаных у іх гравюр, гэтак і па надзвычайна дасканалай тэхніцы іх выкананьня. Вядома, што тыя вельмі нямногалікія славянскія кнігі, якія друкаваліся ў Вэнэцыі, Кракаве і ў паўднёва-славянскіх краінах у папярэднія часы, г. зн. у межах 1480—1515 гадоў, — амаль што зусім пазбаўлены якіх-небудзь паасобных ілюстрацыйных рысункаў, і маюць адны толькі чыста графічныя аздобы, параўнальна ў нязначным ліку. У першапачатковых кракаўскіх і паўднёва-славянскіх выданьнях аздобы гэтыя ў стылістычных адносінах цесна зьвязаны з бізантыцкім орнамэнтам, і ў пахаджэньні сваім усходзяць да звычайнай орнамэнтыкі стара-славянскіх рукапісаў; з тэхнічнага боку ўсе яны выкананы ня надта ўдала і вызначаюцца некаторай грубасьцю ліній, разам з нядбаласьцю вырабленьня, — апроч хіба толькі „Служэбніка“ і „Псалтыру“, надрукаваных у Цэтыныі ў 1495 годзе. Што да вэнэцыйскіх славянскіх выданьняў, дык у гэтых выпадках тэхніка графічных аздоб, праўда, непараўнальна прыгажэйшая, — бо яны, бязумоўна, знаходзяцца ў самай беспасрэднай залежнасьці ад італьлянскіх узораў[5], і пэўна, нават, выконваліся якімі-небудзь італьлянскімі майстрамі; але і ў гэтых выданьнях мастацкая апрацоўка кнігі зноў-жа заўсёды абмяжоўваецца выключна дэкорацыйнай орнамэнтыкай, так што нідзе ў іх мы не сустракаем ніякіх паасобных вобразаў[6], — г. зн. гравюр у сьціслым сэнсе гэтага слова. З усіх славянскіх выданьняў, надрукаваных да 1517 году, — г. зн. раней як вышлі ў сьвет першыя выданьні Скарыны, — у вадным толькі кракаўскім „Осьмогласьніку" Фіоля 1491 году ёсьць адна невялічкая гравюра з вобразам укрыжаваньня, якая, аднак, запызычана з нямецкіх ілюстраваных біблій XV сталецьця[7]. І толькі праскія выданьні Францішка Скарыны 1517—1519 гадоў зьяўляюцца наагул першымі славянскімі выданьнямі, дзе, апроч звычайных орнамэнтальных заставак, у значнай колькасьці зьмешчаны таксама паасобныя гравюры ілюстрацыйнага характару, накшталт найлепшых заходня-эўропейскіх лацінскіх, нямецкіх і чэскіх выданьняў.

Выдавецкая дзейнасьць Скарыны ў тагочасных абставінах, бясспрэчна, зьяўлялася надзвычайна важным для Беларусі культурным здарэньнем. Дзякуючы ёй Беларусь стала першай з ліку ўсходня-славянскіх краін, якая далучылася да агульнага ходу разьвіцьця заходня-эўропейскага друкарства, і праз пасярэдніцтва Прагі, дзе працякала спачатку праца Скарыны, моцна зьвязалася з лепшымі традыцыямі ня толькі чэскага, але таксама нямецкага і італьлянскага друкарскага мастацтва. Гэтая сувязь пазьней абумовіла ўтварэньне таксама і сваіх

  1. Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатные издания и язык. Исследование П. В. Владимирова, MDCCCLXXXVIII.
  2. Op. cit., 70.
  3. Ibid., 172.
  4. Ibid., 82.
  5. Пар. Стасов, op. cit., 27—28.
  6. Ровинский. Русские граверы. 5.
  7. Владимиров, 77.