Перайсці да зместу

Старонка:Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны (1926).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нэцыйскіх, і сучасных ім і ранейшых, якія разам з выданьнямі Скарыны зьяўляюцца адным з найвышэйшых дасягненьняў славянскага друкарскага мастацтва. Дзеля гэтага, разам з апошнімі, яны і засталіся да вядомай ступені ў адзіноцтве. Тут можна цалкам згадзіцца з думкамі Стасава, які зацьвярджае, што як вэнэцыйскія выданьні, гэтак і выданьні Скарыны не перадалі ніякай іншай школе высокае мастацкае дасканаласьці сваіх дрэварытаў, і што тая прыгожасьць, тое майстэрства гравюры, якія на такі кароткі час прабліскалі ў выданьнях вэнэцыйскіх і скарынавых, — ніколі больш ужо не паўтарыліся ані ў адным выданьні славянскага друку на працягу другой паловы XVI усяго ХѴІІ і першае паловы ХVІІІ сталецьця[1]. Усё гэта правільна, асабліва ў адносінах да гравюр-ілюстрацый, якія ніколі не зрабіліся прадметам перайманьня і ані разу ня сталі першаўзорамі для якіх-небудзь пазьнейшых гравюр. Што-ж датычыць графічнае орнамэнтыкі выданьняў Скарыны, дык ёю значна больш карысталіся ў наступных, асабліва стара-беларускіх друкарнях, таксама як і некаторымі асаблівасьцямі скарынава шрыфту. Часткова гэта тлумачыцца, магчыма, беспасрэдным пераходам друкарскіх прылад Скарыны да вядомых віленскіх друкарань Мамонічаў і Сьвята-духаўскага брацтва; з другога-ж боку, меў месца, напэўна, і ня толькі тэхнічны, але таксама і формальна-мастацкі ўплыў, праўда, досыць абмежаваны, аб якім, бясспрэчна, нельга казаць, як гэта робіць Уладзімераў, як аб нейкім агульным уплыве на „віленскую школу гравюры“[2].

Абмежаванасьць гэтага ўплыву, аднак, зусім ня тлумачыцца, як гэта зацьвярджае Некрасаў, малой пашыранасьцю выданьняў Скарыны ў межах тагочаснае, як ён кажа, „Літвы“, г. зн. Беларусі[3]. Наадварот, як відаць, выданьні Скарыны былі тут добра вядомы і карысталіся вялікай пашанай; у кожным выпадку цікава і характэрна, што ў некаторых докумэнтах ХVІІ сталецьця, дзе зьмешчаны пералікі кніжок, якія знаходзіліся ў прыватных кніжных зборах, — толькі выданьні Скарыны і астроскія выданьні выдзяляюцца паасобна, усе-ж іншыя пералічаюцца проста па загалоўках, без адзначэньня месца друку; так, напр., у інвентары маемасьці, якая засталася пасьля сьмерці віленскага бургомістра Сьцяпана Лябедзіча, ад 1649 г., у сьпісах кніг даволі значнай яго бібліотэкі мы знаходзім побач з 96 лацінскімі (пераважна сьвецкімі) і 5 польскімі кнігамі — 11 славянскіх, з якіх тры астроскага друку, адна — друкарні Мамонічаў, і „Apostoł Skoryny“[4]; таксама ў тэстамэнце берасьцейскага мешчаніна Гурына Федаровіча ад 1624 г., разам з шэрагам невядомага пахаджэньня богаслужбовых і духоўных кніжок і „требникомъ Острозкимъ“, два разы памінаецца: „…Грицку Фесеви, апостолъ, друку скоринина…“, „апостолъ друку Скоринина — Грицку Поповичу…“[5]. Гэтыя дробныя факты, бясспрэчна, паказваюць, што выданьні Скарыны на старажытнай Беларусі здабылі сабе заслужаную слыннасьць. Але гэтага было яшчэ замала, каб у поўнай меры рабіць чыста практычны ўплыў на аздабленьне і наагул на надворную апрацоўку пазьнейшых выданьняў стара-беларускага друку: папершае, тут ня было, як вядома, бесьперарыўнае пераймальнасьці друкарскіх традыцый, бо ўсьлед за выданьнямі Скарыны наступныя вілен-

  1. Стасов, ор. cit., стар. 32.
  2. „Доктор Франциск Скорина“, стар. 207.
  3. А. И. Некрасов. „Книгопечатание в XVI и ХVІІ веках“, стар. 68.
  4. Акты Віленскага Земскага Суду, з кнігі 5109, арк. 435—442. „Акты Віленскае Камісіі“, Т. ІХ, стар. 481—483.
  5. Акты Берасьцейскае Магдэбургіі, з кнігі за 1623—1627 г., старонкі 136—138. Ibidem, VI, 243.