поле якога запоўнена „гэрбам“. Па бакох яго — дзьве мужчынскія постаці абапіраюцца на белыя шчыты, злучаючыся з асяродкавым вянком пры дапамозе двох віткоў расьліннага орнамэнту. Тэхніка — зусім слабая; лініі няясныя, заблытаныя, штрыхоўка грубая.
Усе гэтыя тры рысункі маюць, як мы бачым, супольныя рысы: дэкорацыйнае прыстасаваньне чалавечых фігур і спалучэньне іх з формамі расьліннага орнамэнту; да гэтага можна яшчэ дадаць свабодную, „рэнэсансавую“ іх трактоўку, якая, асабліва яскрава выяўляецца ў фігурах putti i ў агалёных торсах першае застаўкі. Але няма ніякіх падстаў бачыць у гэтым беспасрэдны ўплыў нямецкае графікі, як гэта робіць, напрыклад, Уладзімераў, які пасылаецца на нюрэнбэрскія выданьні: „Біблію“ 1483 г., „Хроніку“ Шэдэля і „Комэнтарыі“ Лірана, і зацьвярджае, нават, як быццам усе фігуры скарынавых заставак паасобна, а з апошняй застаўкі і разам, можна бачыць у „Хроніцы“ Шэдэля[1]. У гэтым выпадку Ўладзімераў, як і ў шмат якіх іншых мясцох, занадта перавялічвае значэньне нюрэнбэрскае „Хронікі“ і наагул нямецкіх выданьняў для выданьняў Скарыны; папершае — у корані няправільны агульныя яго пасылкі на Шэдэля і Лірана, бо у гэтых апошніх, у процілегласьць кніжкам Скарыны, зусім няма ані заставак, ані якой-колечы дэкорацыйнае орнамэнтыкі; падругое — таксама няправільна і зацьверджаньне аб запазычаньні фігур, бо аналёгічныя скарынавым застаўкам фігуры ў „Хроніцы“ Шэдэля фактычна не сустракаюцца. На жаль, Уладзімераў тут не паказвае, як звычайна, адпаведных старонак „Хронікі“, так што немагчыма даведацца, якія ўласна фігуры ў Шэдэля здаваліся яму падобнымі да фігур з заставак Скарыны; але тут ён, бясспрэчна, зрабіў досыць грунтоўную памылку, бо перагледзеўшы ўважліва ўсю „Хроніку“ Шэдэля, мы не знайшлі ў ёй ані наагул агалёных фігур, ані putti, ані, нарэшце, тых двох барадатых мужчын з апошняе застаўкі, аб якіх Уладзімераў зазначае, быццам у „Хроніцы“ яны сустракаюцца нават разам. З гэтай прычыны мы і не знаходзім падстаў, каб бачыць у застаўках Скарыны нямецкія ўплывы; хутчэй мы маем тут справу з італьлянскімі формамі, пераапрацаванымі на чэскім грунце, што пацьвярджаецца, часткова, тэхнічным падабенствам лепшых (двох першых) заставак да тых сюжэтных гравюр, якія мы разглядалі ў другой групе і дапушчальна адносілі да чэскае гравюрнае школы. Праўда, з тэхнічнага боку ня ўсе застаўкі аднолькавы; так, напрыклад, апошняя значна горш за дзьве першыя. Гэтым, магчыма, тлумачыцца, што ў той час як Стасаў лічыць аўтара заставак „гравёрам сярэдняе вартасьці“[2], Равінскі, наадварот, адзначае застаўкі, як „вельмі выдатныя спрытным рысункам і свабодным разцом“[3]. Але ня ўсе застаўкі, напэўна, зроблены былі адным і тым-жа гравёрам; можна дапусьціць, што дзьве першыя гравіраваны аўтарам дрэварытаў другое групы, у той час як апошняя зьяўлялася толькі перайманьнем іх, зробленым іншым майстрам і ў больш грубой тэхніцы. Пры гэтым перайманьні, аднак, яна захавала той-жа самы стыль, і ў гэтых адносінах не парушае тэй стылістычнай суцэльнасьці, якая характэрна для орнамэнтальных мотываў у праскіх выданьнях Скарыны.
Застаўкі віленскіх выданьняў маюць некалькі іншы характар. Яны аднолькавы і ў „Апостале“ і ў „Малой Падарожнай кніжыцы“, значна менш па сваіх памерах за праскія застаўкі, і сустракаюцца значна гусьцей, асабліва ў „Кніжыцы“, што тлумачыцца чыста прак-