6. Аблога Ерусаліма Навухаданосарам з 4-й кнігі „Царстваў“ 1518 г. Памер: 105,5×105 mm. Надпіс: „Навходносор Царь Вавилонскии Добывае Ерусалима“. (Стасавым (стар. 30) і Равінскім (стар. 5) адзначана як адна з лепшых).
На заднім пляне напалову готычны, напалову фантастычны горад; на пярэднім пляне — батальная сцэна з мноствам конных фігур; на сьцягах знакі: „гэрб“ Скарыны і зьмяя (у кароне? — Уладзімераў стар. 79)[1]. Людзі і коні ў шпаркім экспрэсіўным руху гармонічна разьмешчаны ў полі гравюры. Тэхніка дробная і больш дакладная як у папярэднім выпадку, — але таксама як і там „гэрб“ Скарыны награвіраваны ў адваротным кірунку, а некаторыя жаўнеры трымаюць зброю ў левых руках.
7. Ізраільскія палкі каля Скініі з кнігі „Чисел“ 1519 году. Памер: 106×105 mm. Надпіс: „Людие Ізраилевы сполки своими около храму бжия“.
Навокал скініі прадстаўнікі ізраільскіх кален са зброяй і сьцягамі; на некаторых з іх панцыры, на галовах — шаломы; фігуры дробныя, пераважна ў профіль; на сьцягах знакі і гэрбы: літара W, двохгаловы арол, дрэва, карона, тры ражкі — польска-літоўскі гэрб „Traby“[2], які Ўладзімераў выпадкова набліжае да папяровага знаку ў выданьнях Vietor'a[3], шасьціканцовая зорка з двох трыкутнікаў, два квадраты, кружок са стрэлкай наверсе з упісанай у яго пяціканцовай зоркай, крыж[4], літара Ж або нешта падобнае да гэрбу „Jelita“[5], нарэшце — звычайныя знакі Скарыны: сонца і месяц, і монограма △.
Дробны рысунак, хоць і чытэльны ў дэталях, у тэхнічных адносінах выкананы некалькі слаба: так, напрыклад, твары ў шмат якіх мясцох занадта схематычныя, паасобныя штрыхі мала выразныя, фігурам часта не хапае плястычнасьці. Многафігурнасьць композыцыі надта заграмаджае поле гравюры, разьмеркаваньне-ж фігур навокал асяродкавае плямы скініі хоць досыць складна, але ня зусім добра вытрымана ў пэрспэктыўных адносінах.
8. Руфь у полі з кнігі „Руфь“ 1519 г. Памер: 105×104,5 mm. Надпіс: „Руфъ прабаба царя Двдва побирае класы заженци“.
У параўнаньні да іншых гравюр даволі значная роля адведзена тут пэйзажу, які ўтварае асноўны фон для ўсёй композыцыі; на заднім пляне — узгоркі і дрэвы, направа поле дасьпелых калосьсяў. Каля поля тры фігуры жняцоў у высокіх ботах і кароткіх кашулях, з вялікімі саламянымі капялюшамі. За імі Руфь, якая зьбірае калосьсі, прыхіліўшыся да зямлі. Збоку налева абапіраецца на вялікую сякеру высокая мужчынская фігура ў доўгай адзежы, у плашчы з прарэзамі для рукавоў і ў мяккім капялюшы з палямі. Тэхніка выкананьня — досыць дакладная, але даволі звычайная, і ня надта майстэрская. Пры гэтым як і ў некаторых папярэдніх выпадках выяўляецца неспрактыкаванасьць гравёра: бо жняцы трымаюць свае сярпы ў левых руках.
- ↑ Магчыма, адзін з італьлянскіх гэрбаў, да якога належала другая жонка Жыгімонта I каралева Бона, з якой ён жаніўся якраз у 1518 г. Гл. B. Paprocki. Herby rycerstwa Polskiego. Kraków 1584. Стар. 56 і 820.
- ↑ Paprocki, стар. 606.
- ↑ Владимиров. Доктор Франциск Скорина, стар. 80.
- ↑ Блізкі да гэрбаў „Dębno" — Paprocki, 384 i „Tarnawa“ — ibid., 573.
- ↑ Paprocki, 254.