Перайсці да зместу

Старонка:Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны (1926).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

характар портрэту відавочна супярэчыць тэй гравёрнай манеры і стылістычным прыёмам, якія мы можам заўважыць у вядомых нам гравюрах гэтага майстра[1]. Хутчэй мы маглі-б аднесьці портрэт Скарыны да вытвораў першага з ліку памянёных намі монограмістых — аўтара перайманьня „Ars moriendi“, якога Passavant называе Мацеем Цынкам. Але паколькі гравюры гэтага майстра наогул мала вядомы, і паколькі няма ніякіх вестак аб тэй ці іншай сувязі яго з Прагай, дзе быў надрукаваны портрэт Скарыны, — пастолькі і гэтае дапушчэньне было-б, у сутнасьці, зусім бязгрунтоўным. Мы з свайго боку лічылі-б, што пры няпоўнай тоесамасьці зьмешчанай на портрэце Скарыны монограмы з іншымі вядомымі нам монограмамі гравёраў, складзенымі з тых-жа літар, — усякая атрыбуцыя портрэту зьяўлялася0-б у даным выпадку занадта выпадковай і спрэчнай, тым больш, што нават адносна значэньня гэтых іншых монограм у спэцыяльнай літаратуры, як мы толькі што бачылі, далёка няма поўнае згоды думак. На нашую думку, значна больш праўдападобна было-б дапусьціць, што мы тут маем справу яшчэ з адным новым монограмістым, імя якога мы вызначыць ня можам, але які бясспрэчна працаваў каля 1517 году ў Празе, і хутчэй за ўсё належаў да ліку тых чэскіх гравёраў, аб якіх пакуль што, дзеля адсутнасьці спэцыяльных дасьледзін чэскае гравюры, мы амаль што нічога ня ведаем, або ведаем надзвычайна мала. Гэтаму дапушчэньню не супярэчыць „нямецкая“ дакладнасьць і дасканаласьць тэхнікі ў портрэце Скарыны, якая была заўважана яшчэ Стасавым, бо пры агульнай сувязі, якая існавала паміж чэскім кнігадрукарствам і нямецкімі друкарнямі, — бясспрэчна, і чэская гравюра павінна была знаходзіцца ў вядомай залежнасьці ад нямецкага гравюрнага мастацтва. Залежнасьць гэтая, аднак, была, мабыць, больш тэхнічная, як стылістычная, што добра відаць хаця-б пры параўнаньні ўсёй тэй групы гравюр, да якой мы адносім портрэт Скарыны, цалкам — да некаторых бясспрэчна нямецкіх гравюр, якія ў ня надта значнай колькасьці сустракаюцца разам з помнікамі гэтае групы ў паасобных кніжках тэй-жа скарынавай „Бібліі“ 1517—1519 гадоў.

2. Хрыстос і нявеста з кнігі „Песьня песень“ 1518 г. Бяз надпісаў. Звычайная сымболічная ілюстрацыя да „Песьні песень“, скомпанаваная ў характары „каранаваньня багародзіцы“ і некалькі блізкая ў гэтых адносінах да „каранаваньня“ ў „Хроніцы“ Шэдэля („Coronatio Gloriose virginis Marie In celis“. Fol. Cll, Sexta etas mundi). У васяродку гравюры сярод прыгожа стылізаваных і надзвычайна добра гравіраваных воблакаў зьмешчана фігура Ісуса; каля ног яго — жаночая постаць на каленах, з непакрытымі распушчанымі валасамі, у доўгай мантыі, якая разьбіваецца на дробныя складкі. На яе нахіленую галаву Ісус ускладае карону. Па бакох яго ў воблаках — два шасьцікрылыя херувімы. Унізе гравюры, крыху бліжэй да правага боку, знаходзіцца звычайны „гэрб“ Скарыны з сонцам і месяцам. З ліку дэталяй цікава трактоўка німбу над галавой ісуса з упісаным у яго крыжам, якая набліжае яго да німбаў у гравюрах тэй-жа хронікі Шэдэля (Chronicon…, Fol. I, V, VI і інш.) у процілегласьць гладкім німбам іншых нямецкіх і чэскіх выданьняў. У тэхнічных адносінах гравюра зьяўляецца адной з найлепшых ня толькі ў гэтай групе, але і наагул у выданьнях Скарыны: выкананьне яе амаль што дасканала, кожная самая дробная лінія праведзена ўпэўнена і моцна; уся гравюра мае надзвычайна сакавіты і глыбокі колёрыт; пры гэтым як воблакі, так і фігуры трактаваны высока плястычна і ў той жа час чыста дэкорацыйна.

  1. Пар., напр., яго гравюру: „Das Liebespaar“, якая рэпродукавана ў Kristeller‘a, op. cit., стар. 73.