І тады Яроцкі забыўся на ўсё, акунуўся ў стракатае мора лічбаў. Ён арудваў, імі з надзвычайным спрытам. Яны паслухмяна перабягалі ў яго галаве, зьбіраліся ў купы, зноў разьбягаліся плоймай пярэстай, каб даць месца абрыўкам парваных ліхаманкавых думак.
— Актыў… пасыў… дэфіцыт… ніякіх комэрцыйных зваротаў… 3685… Эге… Халасьцяк, пэўна, бо ложак стаіць… Прыбытку.. сальдо… дурань, відаць, таксама… 7932… Тут можна дотацыю… хм… Няпрыметна, каб… Ага… так… патрошку, на пражыцьцё… Студзень, люты… Мой будзе, ясна… Разам 8430… Ага…
А рукі нэрвова перабіралі шапялявыя старонкі старых замызганых кніг.
III
Так звычайна выходзяць на паляваньне.
Уявеце сабе…
Паслалася пухавай бельлю шырокае поле. Аж дакуль вока захопіць — мяккі ватовы дыван. А з боку — чорны аголены лес узьняў сваё вецьце драцянае, бясстыдна раскрыў на паказ свае мёрзлыя нетры.
Хітры лес, дармо што прыкінуўся ціхенькім, просьценькім, быццам хоча сказаць: