Перайсці да зместу

Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

——— 61 ———

й прыгожа, што кожны падарожнік па Эўропе заўсёды імкнецца зьвярнуцца ў гэты чароўны, цудоўны куток. Вэнэцыя слыне сваімі шклянымі ды мозаічнымі вырабамі; насельнікі яе займаюцца, апрача таго, рыбацтвам і морскім гандлем, але даўней, у сярэднія вякі, вага гэтага гораду была ў шмат разоў большая.

Вэнэцыйскія караблі разьяжджалі па ўсіх морах Эўропы, вэнэцыйскія гандляры ды падарожнікі (Марко Полё) забіраліся аж у Кітай і Японію; да Вэнэцыйскай рэспублікі належалі багатыя колёніі ў Эўропе і Азіі. Заняпад Вэнэцыі, між іншым, тлумачыцца паступовым памяленьнем яе прыстані, з якім прыходзіцца змагацца з дапамогай каштоўных работ і прылад. (Чым тлумачыцца памяленьне Вэнэцыйскай затокі?)

На поўдзень ад По каля прыгор’яў Апэнін ляжыць яшчэ адзін важны горад Болёнія (190000 насельн.), які трымае ў сваіх руках гандаль Лямбардзкай нізіны з Апэнінскім паўвостравам. Горад гэты ведамы сваім унівэрсытэтам, самым старым ува ўсёй Эўропе (заложаным у XII веку).

Апэнінскі паўвостраў зьяўляецца ў адзнаку ад Лямбардзкай нізіны пераважна горнай краінай. Асновай яго зьяўляецца даўгі Апэнінскі горны ланцуг. Як і Пірэнэйскія або Гранадзкія горы, гэта — уклад параўнаўча маладых зморшчаў земнай кары, якія тутака складаюцца галоўным чынам з вапнавых пластоў. На поўначы Апэніны цягнуцца ўдоўж берагоў Гэнуйскае затокі, складаючы нібы беспасрэдны працяг Альп. Каля гораду Гэнуі яны зварачваюць на паўднёвы ўсход і ў сваёй сярэдняй частцы цягнуцца ўжо бліжэй да Адрыятычнага мора. Тутака ўздымаецца магутнае сугор’е Гран-Сасо з найвышэйшым пунктам усяго паўвострава — пакрытай вечным сьнегам гарой Монтэ-Корно (2921 мэтр увышкі над роўнем мора). На крайнім поўдні Апэніны цягнуцца ўжо проста на поўдзень па паўвострае Калябрыі, дзе ўжо складаюцца не з вапнякоў, а з гранітаў, гнэйсаў і іншых цьвёрдых скал.

У Калябрыі Апэніны складаюцца з двох асобных масываў: паўночны масыў Сыля ўдаецца ў Іонійскае мора, аддзяляючы ад яго Таранцкую затоку, а паўднёвы, Аспромонтэ, упіраецца ў Мэсынскую пратоку. З контынэнтам і паміж сабой гэтыя масывы злучаюцца нізкімі пярэсмыкамі, якія калісь былі морскімі пратокамі. Калісьці Калябрыя была падвойным востравам, які з часам далучыўся да Апэнінскага паўвострава. Мэсынская пратока, што аддзяляе цяпер Сіцылію ад Калябрыі, можа лічыцца апошняй з калябрыйскіх праток, якая захавалася да сяго часу.

Апэнінскія горы з сваімі голымі вапнавымі скаламі маюць хмуры й нудны выгляд. Сочных лугоў, якіх многа ў Альпах і Пірэнэях, тут бадай-што мала; мала й лясоў; адчуваецца недахват і ў вадзе. Горныя струмені бурляць і грукацяць толькі ўвясну або пасьля ўлеваў, але хутка затым усыхаюць. Гранітныя масывы Калябрыі маюць значна весялейшы, прыгажэйшы выгляд. У сярэдняй частцы Апэнінскага паўвострава на за-