Перайсці да зместу

Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
ні ня было. Італійскія профэсыянальныя саюзы згуртованы ў некалькі організацый, паміж якімі няма поўнай згоды. Найвялікяшай профэсыянальнай організацыяй зьяўляецца гэнэральная Конфэдэрацыя Працы. На чале яе стаяць соцыялістыя, якія трымаюцца прынцыпу супрацоўніцтва з буржуазіяй. Другая, досыца моцная організацыя - Італійскі Саюз Сындыкатаў - знаходзіцца пад уплывам анархістых. Зусім асобна стаяць саюзы чыгуначнікаў і маракоў з мяшаным партыйным складам членаў. Комуністыя ўваходзяць у склад усіх работніцкіх організацый і працуюць над аб'яднаньнем профсаюзаў у адзіны Саюз Працы.

Супроць работніцкага руху буржуазія выставіла сваю баявую організацыю - фашызм. Прыцягнуўшы на свой бок частку сялянства і аб'яднаўшы самыя рознастайныя колы італійскіх капіталістых, фашыстыя пачалі адкрыта зьнішчаць усе пролетарскія організацыі, зрываць забастоўкі, руйнаваць работніцкі друк, забіваць правадыроў работніцкага руху. Яны організавалі свае профсаюзы з перапалоханых тэрорам работнікаў і з сваіх баявых аддзелаў. Нарэшце сілаю зброі фашыстыя захапілі ў свае рукі офіцыйную ўладу, так што цяпер правадыр фашыстых лічыцца старшынёй рады міністраў, а фактычна зьяўляецца поўнаўладным дыктатарам Італіі.

Італія пераважна земляробская старана, большасьць насельнікаў яе жыве па вялікіх брудных вёсках і займаецца ральніцтвам, садоўніцтвам, гадоўляй жывёлы або рыбацтвам. Карысных мінэралаў у гэтай старонцы мала, а дзеля таго не пашыраецца там і фабрычная прамысловасьць. З гэтай прычыны Італія застаецца бедным краем, а Італійская дзяржава далёка ня мае тэй сілы й тэй політычнай вагі, як Францыя або Ангельшчына. Італійская дзяржава, як і Гішпанія, зьяўляецца констытуцыйным каралеўствам, у якім законадаўчая ўлада належыць да парлямэнту, а выканаўчая да рады міністраў, адказных перад гэтым парлямэнтам.

Італійская дзяржава (311000 кв. клм. і 38.840.000 насельнікаў) абымае блізка што ўсе землі, залюдненыя італійцамі. Толькі востраў Корсіка належыць да Францыі ды вельмі важныя па сваім палажэньні Мальтыйскія астравы, што ляжаць у асяродку Міжземнага мора, зьяўляюцца ангельскай колёніяй.

Да Італійскай дзяржавы належаць паўднёвыя схілы Альп і так званая Прыморская провінцыя даўнейшай Аўстра-Вугоршчыны, залюдненая пераважна славянамі. (Яе, а таксама некалькі астравоў Адрыятычнага мора, Італія здабыла пасьля вайны 1914-18 г.). Колёніямі Італіі зьяўляюцца востраў Родос ля берагоў Малой Азіі, Трыполітанія й Кірэнаіка ў Паўночнай Афрыцы, Эрытрэя й Сомалійскі паўвостраў на ўсходзе Афрыкі. Усе італійскія колёніі абымаюць прастору ў 1591000 кв. клм. з 1631000 насельн.

Лямбардзкая нізіна або Паўночная Італія, як мы ўжо бачылі, мае шмат асаблівасьцяй, якімі адразьняецца ад рэшты Італіі. Перш за ўсё гэта гладкая раўніна бяз гор і ўзгоркаў, на якіх так багаты Апэнінскі