Паўднёвая Эўропа.
Як мы бачылі з агульнага агляду Эўропы, на паўднёвых паўвостравах (якіх?) нашае часткі сьвету, па берагох Міжземнага мора, пераважваюць параўнаўча маладыя зморшчавыя горы, яшчэ мала зруйнованыя ад зьменаў тэмпэратуры, мала размытыя вадой. Зрывістыя шчарбатыя пакаты высокіх гор, вострыя вярхі, апранутыя вечным сьнегам, блакітныя ледавіковыя струмені, падобныя да паснуўшых рэк, чаргуюцца з прыгожымі вазёрнымі катлінамі або нават значнымі роўнымі прасторамі ўраджайных нізін. Шпаркія рэчкі з груканьнем і гаркатаньнем сьцякаюць з гор па вузкіх цясьнінах, ствараючы вадаспады й парагі.
Клімат Паўднёвай Эўропы завецца падзваротнікавым або міжземнаморскім і адзначаецца цёплай дажджыстай зімой і сухім сьпякотным летам. Улетку дажджоў звычайна ня бывае; пыл лётае ў паветры, асядае на лістох і дадае ім шэры аднастайны выгляд; усыхаюць рэкі, гіне трава, і толькі там, дзе магчыма штучнае абвадненьне, асабліва па схілах гор ды па рэчных берагох, рунее збожжа, гародніна, сьпеюць плады. Але вось пачынаецца восень, надыходзіць зіма, настае час дажджоў. Каля палудня амаль-што кожны дзень надыходзяць хмары, выпадае буйны дождж, але хутка зноў праглядвае сонейка, зноў разыходзяцца хмары, і блішчаць нібы ўмытыя травы й дрэвы. Неба і ўзімку звычайна яснае, так што Паўднёвую, або, як яшчэ йначай завуць, Міжземнаморскую Эўропу лічаць краем вечнаяснага неба, заўсёды зіхацеючага сонца. Вельмі прыемнае ўражаньне робяць заўсёды зялёныя дрэвы Міжземнаморскай Эўропы. Каменны й корачны дубы, алейныя дрэвы, памаранцавыя ды цытрынныя гайкі грэюцца пад касулькамі паўднёвага сонца поплеч з міжземнаморскай хвояй і чорным стромкім купрэсам. На месцы павысяканых здаўна лясоў павырасталі гэтак званыя макісы — вечназялёныя хмызьнякі з ляўраў, міртаў, магноліяў і олеандраў, красуючых увясну харошымі рознакалёрнымі кветкамі. На самым поўдні, апроч таго, можа расьці нават карлавая пальма, а па самых сухіх вапняковых пакатах асталяваліся занесеныя з Амэрыкі калючыя кактусы й сталетнікі. На высокіх горах, дзе іншы раз узімку бываюсь маразы, вечназялёныя расьліны замяняюцца лясамі