Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

музыкальнасьцю, але паводле становішча асьветы далёка не дасягнулі яшчэ таго роўня, на якім стаяць іх заходнія ды паўночныя суседзі — немцы і чэха-славакі.

Палажэньне ў беспасрэднай блізкасьці да культурных старонак Заходняй Эўропы, а з другога боку стэпавая, усходня-эўропейская прырода і суседзтва з стэпамі, па якіх лёгка пранікалі ў Эўропу азійскія вандроўныя народы, з даўных часоў выклікалі бязупыннае змаганьне ў Вугоршчыне заходня-эўропэйскіх і ўсходніх уплываў. Ледзьве пасьпяваў тут асталявацца які-небудзь аселы народ, як з усходу сюды навальваліся стэпавыя вандроўнікі, руйнавалі пачаткі аселасьці ў краіне, але самі хутка пачыналі падпадаць пад уплывы аселых тубыльцаў. У сярэднія вякі тут жылі славакі, нават і да цяперашняга часу асобнымі астравочкамі сустракаюцца іх паселішчы па ўсёй Вугоршчыне. Аднак ужо ў IX веку з усходу сюды надышлі вугры або мадзьдзяры. Яны перасяліліся сюды з Украіны цераз Карпаты, павыганялі з Сярэдня-Дунайскай нізіны славян і спачатку вандравалі з месца на месца па пушце, займаліся рабункамі і гадоўляй жывёлы. У канцы X веку вугры запазычылі ад сваіх суседзяў хрысьціянскую каталіцкую веру, пачалі мяшацца з славянамі і патроху зьмянілі вандроўны стан быцьця на аселы. Аднак сваю мову і незалежнасьць вугорцы з посьпехам баранілі ад суседзяў. Нават злучыўшыся з Нямецкай Аўстрыяй пад уладай аднаго караля, вугорцы захавалі ў чыстаце сваю мову і не паддаліся нямецкім уплывам. Вугоршчына карысталася шырокім самаўрадам, а з 1867 г. фактычна сталася зусім незалежнай, мела свае законы, асобны сойм і асобных міністраў. Супольнымі ў Аўстрыі і ў Вугоршчыне былі толькі кароль, войска, замежная політыка і грашовыя справы. Да Вугоршчыны належала ня толькі ўся Сярэдня-Дунайская нізіна, але, апроч таго, Заходнія Карпаты, Вугорская Русь, Трансільванія і нават Кроацыя з Славоніяй аж да берагоў Адрыятычнага мора. У межах Вугорскага каралеўства жыло шмат славакаў, украінцаў, румынаў, сэрбаў, харватаў і немцаў. Некаторыя з гэтых народаў размнажаліся шпарчэй за вугорцаў, якім пагражала страта першага па ліку месца ў сваёй дзяржаве. З гэтай прычыны вугорцы стараліся як мага абвугорыць падуладныя народы, прымушалі іх вучыць дзяцей у вугорскіх школах і гутарыць павугорску ў установах. Многа славянаў і румынаў выяжджала з Вугоршчыны ў Амэрыку, многія з іх пакрысе абвугорваліся. Толькі ў Хорваціі і Славоніі сэрбы карысталіся некаторым самаўрадам. Пасьля сусьветнай вайны 1914-18 г. і вайны з Румыніяй Вугоршчына страціла ўсе тыя часткі сваёй дзяржавы, у якіх большасьць складалася з народаў нявугорскага пахаджэньня.

Сучасная Вугорская дзяржава (93 000 кв. клм., 7900 тыс. насельн.) зьяўляецца рэспублікай, на чале якой стаяць буржуазныя партыі. У склад гэтай дзяржавы ўваходзіць нават ня ўся Сярэдня-Дунайская нізіна, бо ўскрайкі яе на ўсходзе адышлі да Румыніі, а на поўдні — да Паўднёва-Славяншчыны.

Вугорцы займаюцца пераважна земляробствам і гадоўляй жывёлы, але апошні з гэтых заняткаў далёка ня грае тэй ролі, якую граў раней, калі большая частка пушты ня была яшчэ ўзорана.