Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Азіі. Як старадаўны, моцна размыты і выпятрэлы ланцуг, Урал мала дзе дасягае значнай вышыні. Найвышэйшая гара яго (Тэльпос-Іс) дасягае 1656 м. н. р. м., праходы ляжаць паўсюды нізка, а у сярэдняй частцы уздымаюцца толькі на 300 м. н. р. м. і побач з суседнімі плоскаўзвышшамі Усходняй Эўропы маюць выгляд невялікіх узгоркаў. Вадападзел між рэкамі Эўропы і Сібіру праходзіць па сярэднім крышталічным пасе ланцуга. На усход ад вадападзелу ўсходні схіл (складзены з стромкіх, моцна сьціснутых зморшчаў) стромка спадае ў бок роўнай Заходня-Сібірскай нізіны; заходні схіл наадварот-павольна зьніжаецца, так што трудна прымеціць, дзе канчаецца ўсходня-Эўропэйская раўніна і пачынаюцца першыя ўзгоркі Уральскага ўкладу. З гэтае прычыны Урал звычайна далучаюць да Эўропы, а не да Азіі, ад якой ён выразна адмяжоўваецца. Аднак і ўсходні схіл Уралу можна толькі ўмоўна лічыць мяжой Эўропы і Азіі. Па той бок яго пануюць такія-ж прыродныя варункі, як і ў Эўропе. Уральскі ланцуг занізкі нават для таго, каб затрымаць усю вільгаць заходніх вятроў, якія пануюць абапал яго. Праўда, на яго схілах выпадае болей ападкаў, чымся ў суседніх старонках, але й Заходні Сібір абвалняецца галоўным чынам тымі дажджамі, якія пераходзяць цераз Урал з захаду.

Урал, аднак, можна лічыць усходняй мяжой уплывау Гольфштрому. На захад ад Уралу сярэдняя тэмпэратура году пад уплывам Гольфштрому вышэй, чымся ў іншых мясцовасьцях, лежачых на такой самай шырыні. На ўсход ад Уралу тэмпэратура году ніжэй за сярэднюю тэмпэратуру усіх мясцовасьцяй, лежачых на такой самай шырыні. Урал, як кажуць, ляжыць на ізоаномале 0°. На захад ад яго ляжаць нібы перагрэтыя краіны, на усход ― нібы перасьцюджаныя.

Расьлінныя згуртаваньні мясцовасьцяй, што ляжаць абапал Урану, бязмаль аднальковыя. Пасы гэтых згуртаваньняў у Сібіры складаюць працягі адпаведных пасаў Эўропы. Толькі самы хрыбет Уралу адразьняецца ад суседніх старонак расьліннасьцю, тыповай для вышэйшых шырынь. (Чаму?)

Народы Эўропы і Сібіру лёгка пераходзілі цераз Уральскія нізкія праходы. Як ува Усходняй Эўропе, гэтак і у Заходнім Сібіры абапал Уралу цяпер жывуць пераважна маскоўцы, якія патроху выціскаюць першапачатковых насельнікаў, належачых да фінскіх і туркскіх пляменьняў. Абапал Уралу на аднальковай шырыні, у аднальковых расьлінных пасах пануюць і аднальковыя заняткі насельнікаў. Толькі самы ланцуг і яго прыгор'і, дзякуючы вялізным запасам мінэральнага багацьця, зьяўляецца старонкай, у якой побач з сельскімі заняткамі пашырыліся нетракапальная і фабрычная прамысловасьць і гандаль.

У XVІІІ веку Урал, як край, багаты жалезнай рудой і дрэўным апалам, быу галоўным жалезаздабывальным краем Эўропы. Ад таго-ж часу, як жалеза пачалі выплаўляць за дапамогай каменнага вугалю, значэньне