Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Такі самы прамысловы раён, як пад Масквой, ёсьць і на паўночным усходзе краіны. Асяродкам гэтага раёну зьяўляецца горад Іванава-Вазьнясенск (72000 н.), які лічыцца галоўным асяродкам расійскай баваўнянай прамысловасьці, і з гэтай прычыны завецца расійскім Манчэстэрам. У хуткім часе тут мусіць пабудавацца вялікая электрычная станцыя, якая заменіць апал на мясцовых фабрыках электрычнай энэргіяй. Сама гэтая станцыя будзе карыстацца, як апалам, ваколічнымі запасамі торфу.

Аднак самыя важныя пасьля Масквы гандлёвыя гарады краіны ляжаць на Волзе, як на галоўным гандлёвым шляху ўсёй Вялікарусі. На вышнявіне Волгі на межах з Беларусьсю ляжыць старое крывіцкае места. Ржева (27000 н.). Там існуюць значныя фабрыкі з вырабам ільняніны. Ніжэй супроць вусьця Твярцы, злучанай Вышнявалоцкіх каналам з Мстой. якая належыць ужо да Балтыцкага вадазбору, ляжыць губэрскі гандлёва-прамысловы горад Твер (83000 н.). Гэта ― пачатковы пункт параходнага руху па Волзе і важная станцыя на чыгунцы з Масквы ў Ленінград. Яшчэ большую гандлёвую вагу мае Рыбінск (19000 н.), волская прыстань, якая ляжыць проціў вусьця Шаксны, злучанай каналамі і рэкамі з Онескім возерам. Тут тавары, што прывозяцца з Ніжняй Волгі, перагружаюцца з параходаў на баркі, у якіх іх вязуць па Шаксьне і далей у Ленінград. Увясну і ўлетку сюды на працу зьбіраюцца дзесяткі тысяч асначоў з усёй краіны.