Насельнікі краіны-паўднёвыя немцы-вясёлы, простадушны і сумленны народ. Гэта бліжэйшыя родзічы альпійскіх немцаў, да якіх яны падобны і абліччам, і мовай, і звычаямі.
- Тутэйшыя немцы належаць да чатырох асобных пляменьняў. На поўначы жывуць Франкі, тыя самыя, што й на захадзе Сярэдняй Нямеччыны: у Вышня-Рэнскім грабене і ў Шварцвальдзе жывуць алеманы, тыя-ж, што ў Швайцарыі; у вадазборы Нэкару і каля пачаткаў Дунаю швабы, на паўднёвым усходзе - баювары. У сярэднія вякі кожнае з гэтых пляменьняў мела тут сваё гэрцогства, амаль-што незалежную дзяржаву. Межы гэтых дзяржаў часта зьмяняліся. У апошнія перад вайной гады тут існавалі 2 каралеўствы-Баварыя і Вюртэмбэрг (Швабія), гэрцогствы Бадэн (Вышня-Рэнскі грабэн і Шварцвальд) і Гэсэн (Одэнвальд). Апроч таго, маленькія куточкі належалі да галоўнай нямецкай дзяржавы-Прусіі. Усе гэтыя дзяржавы ўваходзілі ў склад Нямецкай імпэрыі і былі ў поўнай залежнасьці ад Прусіі. Толькі Баварыя, асяродкам якой было паўднёвае плоскаўзвышша, была болей самастойнай. Па сваёй прыхільнасьці да дысцыпліны і старасьветчыны баварцы трошкі нагадваюць прусакаў. Гэтым, а таксама роўнай паверхняй Баварскага плоскаўзвышша тлумачыцца стварэньне імі значнай дзяржаўнай адзінкі, улада якой распасьціралася на Франконію і нават на левы бераг Рэну, і дзе да Баварыі належыць так званы Рэнскі Пфальц на мяжы лётарынгіі і Рэнскіх земляў Сярэдняй Нямеччыны. У Нямецкай імпэрыі Баварыя была галоўнай дзяржавай пасьля Прусіі, а як старонка каталіцкай веры, зьяўлялася важнай процівагай лютэранскай Прусіі. Пасьля рэволюцыі 1918 году ўсе каралеўствы і гэрцогствы Паўднёвай Нямеччыны зрабіліся самаўраднымі рэспублікамі Нямецкай фэдэрацыі. З гэтых рэспублік Баварыя зьвязана з фэдэрацыяй слабей, як усе іншыя часткі Нямеччыны. Часова пасьля рэволюцыі Баварыя была нават зусім незалежнай Савецкай Рэспублікай, якую аднак задушылі правыя організацыі пры дапамозе Антанты.
Люднасьць у Паўднёвай Нямеччыне жыве значна радзей, чым у Сярэдняй. Большасьць насельнікаў займаецца тут сельскай гаспадаркай. Збожжа сеюць пераважна па нізінах і на Шваба-Баварскім плоскаўзвышшы. Жыта, якое грае ролю галоўнага гатунку збожжа ў Паўночнай і Сярэдняй Нямеччыне, тут засяваецца толькі па горных схілах. У грабанах яго замянае пшаніца або часамі і кіяхі, на Шваба-Баварскім плоскаўзвышшы-ячмень, які йдзе там на піваварні. Хмель, патрэбны для вырабу піва, таксама засяваецца галоўным чынам на гэтым плоскаўзвышшы. У Вышня-Рэнскім грабане, дзе гушчыня залюдненьня вельмі значная, вялікую вагу мае гародніцтва і садоўніцтва. Пладовыя дрэвы там іншы раз растуць шэрагам па палёх пшаніцы, як у Лямбардзкай нізіне і іншых мясцовасьцях Італіі. Вінаградні трапляюцца ў катлінах (Вышня-Рэнскай, Швабії, Франконіі), і вінаграду тутака зьбіраюць значна болей, чым у Сярэдняй Нямеччыне. Па горах ральніцтва адыходзіць на другі плян, і на першае месца выходзяць гадоўля жывёлы і лясныя промыслы. Найлепшыя гатункі быдла пасьвяцца па лугох Шваба-Баварскага плоскаўзвышша.