З іншых заняткаў можна адзначыць лясны промысел і рыбацтва ў Балтыцкім моры, але як дрэва, гэтак і рыбы здабываецца замала у параўнаньні з вымаганьнямі мясцовай люднасьці, і гэтыя тавары трэба прывозіць з-за межаў. Вялікую вагу мае гандаль, хаця для замежнага гандлю прыстані Балтыцкага мора меней выгодныя, чым Гамбург або Брэмэн, бо звычайна ў студзені замярзаюць і ляжаць занадта далёка ад галоўных міжнародных гандлёвых дарог. Толькі ў апошнія часы, як пракапалі кільскі канал праз Паўднёвую Ютляндыю, гандлёвае значэньне Балтыцкіх прыстаняй павялічылася. Унутраному гандлю дапамагае будова паверхні, дзякуючы якой пракладаньне дарог не выклікае вялікіх страт. Чыгункавая сетка краіны такая густая, як у Ангельшчыне.
Асяродкам унутранога гандлю краіны зьяўляецца Бэрлін- сталіца Нямецкай дзяржавы і вузел галоўных сухаземных дарог Эўропы. У Бэрліне сходзяцца важныя чыгункі, якія маюць агульна-эўропэйскае значэньне. Праз Бэрлін ідзе найкарацейшая дарога з Ленінграду-Вільні-на Парыж, з Масквы-Менску-Варшаны Ангельшчыну і Францыю, з Царгораду ў Гамбург і Скандынавію і г.д. Горад ляжыць на рацэ Шпрэ (прытока Гавэлю, які ўліваецца ў Лабу). Тут сходзяцца галоўныя рэчныя шляхі Нямеччыны і, ня гледзячы на малую велічыню Шпрэ, Бэрлін―галоўная рэчная прыстань Гэрманскай стараны. Як прамысловы асяродак Паўночна-Усходняй Нямеччыны, горад вырабляе вагоны, паравозы, вопратку, машыны і г. д. Як у сталіцы Нямецкай рэспублікі, тут згуртаваліся галоўныя дзяржаўныя установы, для якіх пабудованы харошыя палацы.
- Усялякія помнікі, вялізныя масты, звычайна 5-цëх паверхавыя камяніцы, чыстыя, абсаджаныя дрэвамі вуліцы (Unter den Lіnden), прыгожыя сады і бульвары (слынны Tіergarten у сярэдзіне гораду) дадаюць надзвычайнае хараство нямецкай сталіцы. Брукаваныя асфальтам вуліцы тут мыюцца швабрамі, і наагул за чыстатой сочаць пільна. З гэтай прычыны й паветра тут чысьцейшае, як у іншых вялікіх гарадох, пылу значна меней. Рух калёсаў і самаходаў тут меншы, як у Парыжы, але затое ўва ўсіх кірунках па горадзе праходзяць поўныя народу вагоны надземных і падземных чыгунак і трамваяў.
Як культурны асяродак Нямеччыны, Бэрлін слыне выдатнымі вышэйшымі школамі, у якіх вучыцца шмат чужаземцаў, многалічнымі багатымі бібліотзкамі, чытальнямі, кнігарнямі, помнікамі мастацтва ў музэях, багатымі навуковымі колекцыямі і г. д. Аднак для Нямеччыны Бэрлін далёка ня тое, што Парыж для Францыі. іншыя гарады Гэрманскай стараны, асабліва ў Паўднёвай Нямеччыне, жывуць сваім асобным, незалежным ад Бэрліну жыцьцём, не аддаюць яму ўсіх сваіх жывых сіл. Ня гледзячы на гэта, Бэрлін хутка расьце, а ў апошнія перад вайной дзесяцëхгодзьдзі зраўняўся з Парыжам па колькасьці насельнікаў (у 1910 годзе ў Бэрліне было 2071000 насельнікаў, а разам з прадмесьцямі 3703000. У час сусьвет-