Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на благіх кармох змізарнела і пагоршылася. Апошнімі часамі у некаторых дварох сталі сумысьне разводзіць беларускую пароду і дайшлі добрых рэзультатаў.

У большасьці двароў трымаюць заводзкую скаціну, найбольш голяндзкай пароды, дзеля яе малочнасьці.

Значная частка двароў прадае малако пактарам, якія вырабляюць з яго масла і сыры.

Сыраварняў ёсць досіць многа у Меншчыне і у Смаленшчыне — асабліва-ж у паветах: Бельскім, Парэцкім і Красьнінскім. Беларускія „галяндэрскія“ сыры збываюцца у Вільню, Менск, Варшаву, Маскву і інш. вялікія гарады. Аднак дзела у сыраварнях і у пактах пастаўлена досіць дрэнна і затым ад малочнай гаспадаркі няма таго зыску, які яна з часам напэўна дасьць. У сялян з малаком яшчэ горай. Малочных коопэратываў зусім няма. Скаціну трымаюць толькі дзеля гною.

Разумеецца, іншы абраз — пад вялікімі гарадамі. У Менск папр. вязуць малако усёй ваколіцы на некалькі міль у ва ўсе бакі. Ведама, што тут іначай кароў даглядаюць і маюць ад іх вялікі зыск.

Наагул кажучы малочною гаспадаркаю найбольш займаюцца ў Меншчыне і у Віцебшчыне.

Вялікае значэньне у гаспадарцы мае гадоўля сьвіней. Калі масла на вёсцы спажываюць мала, дык намагаюць сьвіным салам і тлустасьцю — гэта вельмі важны спажыўны прадукт. Апроч таго вельмі значная частка сьвіньняў ідзець на продаж, скупляецца гандлярамі і вывозіцца у вялікшыя гарады і за граніцу. Сьвінаводзтва найбольш пашырана у Віленшчыне, Магілеўшчыне і Чарнігаўшчыне.

Даўней шмат разводзілася у нас авечак, найбольш, праўда для свайго ўжытку. Цяпер іх засталося найболей у Смаленшчыне. У іншых краёх заместа авечак сталі трымаць больш кароў і сьвіньняў. Толькі у Горадзеншчыне лік авечак мала зьмяншаецца. Да таго-ж там разводзяць шмат заводзкіх авечак з тонкаю, далікатнаю воўнаю. Гэта дзеля блізкасьці Беластоку і яго району, дзе знаходзяцца ткацкія суконныя фабрыкі, якія купляюць шмат воўны.

Гадоўля скаціны і сьвіньняў у будучыне павінна стаць асноваю багацьця і гаспадарскага росквіту Беларусі, бо на беларускіх грунтох гаспадарка можа даваць шмат сена і бульбы.

Прамысловасьць.

Лесавыя промыслы.

У лясістых мяйсцовасьцях Беларусі гандаль лесам і праца у лесе зьяуляюцца заняткам вельмі значнай часткі жыхараў. У Палесьсі мала ўвагі зьвяртаюць на гаспадарку. Усе здаравейшыя, дужейшыя мужчыны ідуць на працу ў лес.