Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/206

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рэдкіх матар‘ялаў да географіі Беларусі. Дый трэба сказаць, што матар‘ялаў гэтых ёсьць наагул нягуста, навука-ж беларускай географіі, нават яе бібліографія саўсім не распрацованы. Кніга яшчэ на жаль, выдана без дагляду аўтара і гэта можа бываць прычынаю розных драбнейшых недахватаў.

Але з другога боку адкладаць працу гэтую далей было нельга.

Беларуская школа і курсы беларусазнаўства ня маюць ніякіх падручнікаў па географіі Бацькаўшчыны. Нацыянальны рух, шырокай ракою разьліўшыся па Беларусі за апошнія два гады, ўжо шмат церпіць ад таго, што ня толькі шырокая публіка, а навет шмат хто з маладых беларускіх працаўнікоў, ня маюць аб родным краі найпатрабнейшых ведамасьцяў і часта навет ня ведаюць скуль іх могуць узяць.

Урэшце масы беларусоў, прайшоўшы расейскія і іншыя школы яшчэ і дагэтуль глядзяць на родны край вачамі казённых вучэбнікаў. З аўтараў гэтых вучэбнікаў здаецца ні адзін не разумеў і не хацеў разумець, што наша Бацькаўшчына, якая подлуг іх апісаньняў, ёсьць самым бедным і няшчасным краем, сталася такою толькі дзякуючы Маскоўскаму Ураду, яго сыстэме цэнтралістычнай і русіфікацыйнай. Беларуская маладзёж даведавалася ў школе толькі аб тым, што яе Бацькаўшчына — гэта якоесь адно балота, самае важнае ў ёй-гэта хвароба „каўтун“, а па-за-тым больш няма нічога цікаўнага.

Атручаная такою расейскаю „навукаю“ беларуская маладзёж, як толькі станавілася на ўласныя ногі, старалася як найхутчэй уцякаць куды небудь з Бацькаўшчыны ў Маскоўшчыну, Польшчу, Сыбір. A і тыя, якія заставаліся ў краю працавалі найбольш для свайго толькі кутка, бо бачылі, які ён пекны, які багаты, як непадобен да расейскіх апісаньняў. Для ўсяго-ж краю працаваць, баяліся, бо не маглі паверыць, успамінаючы школьнаю навуку, што гэты край можа быць здольным да самаістнаго жыцьця.

Вось-жа калі-б тыя беларусы, што прачытаюць гэтую кніжку зацікавіліся сваей Бацькаўшчынай, каб узяліся самі за глыбейшае навуковае пазнаньне яе, ці асобных праяваў яе жыцьця, каб заахвоціліся шукаць і бачыць яе арыгінальнае хараство, дык-бы аўтар лічыў сваю працу дайшоўшай мэты. А калі-б у іх хоць крыху пабольшала замілаваньне ў сваёй роднай многапакутнай старане, такой простай і разам цудоўнай, навет у часы заняпаду свайго поўнай вялічу і схаваных сілаў, каб яны паверылі ў яе вялікую будучыну і дзеля будучыны гэтай шчыра працаваць і змагацца пачалі, тады-б аўтар быў папраўдзе шчасьлівы.



Сярод рысункаў гэтай кнігі, большая частка ўзята са збораў Таварыства Краёзнаўчага ў Варшаве. Паміж іх шмат ёсьць фатаграфіяў вядомага нашага земляка артысты-фотографа Яна Булгака з Вільні.