Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/188

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ленску. Віцебск вельмі доўга бараніў сваей незалежнасьці перад літоўскімі князямі. Дастаўся ён урэшце Альгерду, ды і той не заваяваў яго, а атрымаў, як пасаг за Віцебскай княжнай, з якою ажаніўся і стаўся такім чынам Віцебскім князем.

Альгерд, як ведама, быў грэцкай-усходняй веры. Вось-жа ў Віцебску ён пабудаваў некалькі цэркваў. Адна з іх, якую ён толькі перабудаваў, істнуе і да нашых часоў (Царква Благавешчаньня). Так сама пабудаваў Альгерд на левым беразе р. Віцьбы і Дзьвіны моцныя каменныя замкі.

Аб сьцены грозных замкаў віцебскіх ня раз разьбівалася чужаземная навала. Адважна бараніліся ў іх віцябляне перад маскоўскімі ваяводамі. А адбараніўшы роднае места няраз праганялі ворагаў і з межаў краю.

У 1605 г. прыкладам, віцебская дружына пад камандаю Марка Лыткі напала сваім адумам на маскоўскае войска і саўсім яго разьбіла.

Віцебск спрадвеку быў жывым гандлёвым горадам. Заўсёды меў ён гандлёвыя зносіны з Рыгаю, Кёнігсбэргам і іншымі заходнімі гарадамі. Гандаль гэты моцна ўзбагачываў люднасьць, а зносіны з Заходняй Эўропаю высака падымалі яе з боку культурнага. Але сталыя войны з Маскоўшчынай моцна падрывалі дабрабыт Віцебску.

Да ваенных бедаў далучыліся яшчэ ўнутраньнія рэлігійныя сваркі. У 1623 г. на грунце гэтых сварак быў забіты ў Віцебску гарачы прапаведнік Уніі арх. Іозафат Кунцэвіч, прызнаны пасьля Р.-Каталіцкім Касьцёлам за сьвятога. За гэта забойства ўвесь горад быў моцна пакараны. Але найгоршая бяда сталася Віцебску сто гадоў пазьней.

У часе швэдскай вайны віцебляне спрыялі швэдам і навет памаглі ім грашмі. За гэта Пётра I загадаў спаліць Віцебск. Казакі падпалілі места з усіх бакоў. Згарэлі пад той час замкі, усё места, ратуша, крамы, усе прадмесьці, 4 касьцёлы, 12 цэркваў, а ад Задзьвіньня казакі ўзялі выкуп. З гэтай пары Віцебск моцна падупаў і пачаў ён аджываць толькі ў апошнія дзесяткі гадоў, калі правялі чыгункавыя дарогі.

Цераз Віцебск цяпер праходзяць дзьве чыгункавыя лініі, шоса і на р. Дзьвіне ёсьць вялікая прыстань. Гандаль Віцебску цяпер значна вырас. Ен з‘яўляецца складачным мейсцам тавараў, якія раздае на мястэчкі і гарады сумежных паветаў. Найбольш таргуе Віцебск лесам і лёнам, якія адпраўляе ў Рыгу і заграніцу, а часткаю і хлебам. Апроч таго Віцебск таргуе гатовай адзежаю (тандэтнаю) ў досіць значным разьмеры.

Хвабрычная прамысловасьць Віцебску мае значныя разьмеры. На хвабрыках яго працуе каля 2000 чал. Хвабрыкі Віцебскія найбольш невялікія; з іх трэба адзначыць — картонную хвабрыку, некалькі табачных, досіць вялікую хвабрыку акуляраў.