Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

найбольш толькі дробны гандаль. З рамёслаў найбольш разьвіты тыя, што вырабляюць дрэва — прыкл. бандарства, (у Віцебскім і Невельскім паветах). У гэтых-жа паветах шмат рамясьнікоў занята гонкаю смалы і дзёгцю.

Досіць разьвіта кравецтва (у Гарадоцкім, Люцынскім, Віцебскім, пав.), а на захадзе краіны (Люцынскі, Себежскі пав.) шмат кавалёў.

Хвабрычная прамысловасьць у краіне невялікая. Толькі піваварных бравароў ёсьць шмат (больш чым дзе), ёсьць некалькі хвабрыкаў сярнічак. Наагул кажучы, ўся блізка хвабрычная прамысловасьць працуе ў самым Віцебску, які сярод гарадоў беларускіх займае віднае мейсца па сваей прамысловасьці. Рэшта-ж краю з прамысловага боку стаіць вельмі нізка.

Такі эканамічны заняпад Задзьвінскай Краіны часткаю тлумачыцца яе рэдкай залюднёнасьцю. Аднак гэтае агульнае тлумачэньне тутака ўжо затым несправядліва, што як раз адсюль шмат народу йдзе на зарабаткі — асабліва ў расейскія вялікія гарады — Петраград і Маскву.

Трэба дзеля таго зьвярнуць асаблівую ўвагу на гісторыю краіны. Спрадвеку краіна была заселена крывічамі і належала да Віцебскага а часткаю да Полацкага княжстваў. Так сама спрадвеку праз яе йшлі вялікія шляхі з паўдня — да Ноўгараду і Пскова і да Варажскага Краю. Дзеля таго тут ніколі ня сьціхала барацьба беларусоў з суседзямі. Асабліва барацьба гэтая разгарэлася тады, калі ўзмацнела Масква і ўсе землі беларускія сабраліся ў Літоўска-Беларускую Дзяржаву. Азёрны Задзьвінскі край быў для гэтай дзяржавы тэй сьцяною, якая бараніла ад Маскоўшчыны самае яго сэрца, яго культурныя цэнтры Полацак, Вільню. Дзеля таго праз увесь час войнаў з Масквою тут адбываліся самыя зацятыя бітвы. Абедзьве стараны стараліся замацаваць за сабою Азёрны край, і дзеля таго, будавалі тут замкі і крэпасьці. Уся краіна засеена руінамі гэтых крэпасьцяў, якія сумна высяцца на астравох азёр, на ўсхонаватых узгорках, альбо ў лясной нетры. Саўсім зразумела, што спакойнай гаспадарскай люднасьці ў часе войнаў жыцьця ня было. I толькі калі барацьба скончылася, край пачаў аджываць.

Праз увесь 16-ты век, калі рэшта Беларусі жыла найбольш шырокім нацыянальна культурным жыцьцём, паветы Себежскі і Невельскі разам з Усходняй Беларусьсю (Смаленшчынаю) прабылі пад уладаю Маскоўшчыны, якая і тады старалася іх абмасковіць. Пэўне-ж гэтае сталецьце так сама вельмі нядобра адбілася на жыцьці Задзьвіньня. На мове тамашніх беларусоў гэта асабліва моцна адбілася. I да нашых часоў яны дамешуюць да мовы шмат расейскіх словаў і зваротаў.

Для лепшай абароны граніцаў Вялікія князі і Каралі раздавалі землі на паграніччы вайсковым людзям, якія называліся панцырнымі баярамі, альбо шляхтаю. У часох прыгону яны былі вольнымі. Гэта адбілася і на іх патомках, якія замажнейшыя і