Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

спаду для вады, забалочаньню тут памагае яшчэ і тое, што пад усім блізка Палесьсем ляжаць гліны, толькі прыкрытыя зьверху пяскамі. А значная частка балотаў Палесься зьяўляецца мусіць апошнімі сьлядамі быўшага тут некалісь Гэрадотавага мора, пазарастаўшымі травою і мохам азёрамі.

Балоты займаюць тут чуць ня чверць усяго прастору краіны. Безканечныя балотныя пустыні, паросшыя то дробнаю лазою, то высокімі чаротамі, цягнуцца дзесяткамі вёрст; іх перарываюць векавыя бары, павырастаўшыя на пяшчаных узгорках, астравох, параськіданых сярод балота. На гэтых-жа астравох пабудаваны і рэдкія вёскі паляшукоў і знаходзіцца іхнае ворнае поле.

Ад вёсак цераз балота цягнуцца гаці, замошчаныя хворастам і бярвеньнем. Язда па гэтых гацях трудная. А па іх ідзець палеская дарога часамі па некалькі вёрст.

Балоты спатыкаюцца ўсіх відаў, але найчасьцей — травяныя, паросшыя лазою. Імшары са сфагнумам спатыкаюцца так сама дзе-ня-дзе плямамі сярод хваёвых бароў.

У гаспадара поле часамі бывае на некалькіх астравох, якія закінуты далёка ад вёскі ў балотнай і лясной глушы. Каб дайсьці да іх прыходзіцца йсьці па кладках, намошчаных цераз балота. Аруць тут часта валамі. Вось-жа гаспадар бярэ саху на плечы і йдзе на свой востраў па кладцы, а валы йдуць па вадзе. Калі востраў дзе далёка ад хаты, дык там робіцца будка, раскладаецца агонь і гаспадар жыве тут аж пакуль скончыць работу. Часамі навет малоцяць дабро на востраве, а перавозяць ужо ўсё ўзімку, як замерзьне балота.

Сеюць тут найбольш грэчку і бульбу, бо зямля звычайна вельмі лёгкая, пяшчаная. Гаспадараць аднак тут ня кепска. Гаспадары трымаюць шмат скаціны, часамі па дзесятку і больш галоў, бо пашы хапае, і добра дзеля таго гнояць зямлю. Дый народ тут аб гаспадарцы рупіцца; ў некаторых мяйсцох навет полюць засевы.

Лясы ў Палесьсі зусім нядаўна займалі чуць што не палавіну ўсяго прастору. Цяпер іх моцна падцерабілі і на мейсцы даўнейшых векавых пушчаў цягнуцца цяпер пасекі, часамі выкарчаваныя і вырабленыя пад поле, а часьцей паросшыя маладым лесам і хмызьнякамі.

Аднак усё-ж лясоў тут вельмі многа. Найбольш у Палесьсі хваёвых бароў. Елкі зусім блізка няма, бо пяшчаныя грунты. Але тут-жа больш чымся дзе ў Беларусі ёсьць і ліставых лясоў, найбольш дубовых і бярозавых. Дубы тут часамі даходзяць вялізазнае вялічыні; спатыкаецца так сама шмат вольхі, ліпы, клёну і інш.

Ува ўсіх гэтых лясох, часта яшчэ не закранутых рукою чалавека, водзіцца бяз меры ўсякага зьвяр'я і дзічыны. Ласі, медзьвядзі, сарны, дзікі спатыкаюцца тут часта. Навет бабры водзяцца па глухіх рачных затоках у некаторых закутках Палесься, дзе да іх яшчэ не дабралася рука паляўнічага.