Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Эйшышкі — старое беларускае мястэчка з 2½ тыс. насяленьня. Даўней называлася Остравам, а ліцьвіны заваяваўшы яго ў XIII в. зьмянілі назоў. Мястэчка вядзе бойкі гандаль скацінаю і сьвіньнямі. З ваколіцаў шмат выяжджаюць у Амэрыку. Жалудок невялікае мястэчка славіцца сваім конскім кірмашам. Тут пахаваны адзін з віднейшых эканамічных дзеячоў Беларусі Антон Тызенгаўз.

Лідскі павет заняты нявысокім ўзгор‘ем, якое адходзіць ад Віленскага узгор‘я і ступянёва зьніжаецца ў кірунку да Нёмна. Грунты мае, асабліва ў паўднёвай часьці ўраджайныя. Насяленьне тут жыве густа, як ні ў адным з паветаў даўнейшае Віленскае губэрні. На поўначы павету, за Эйшышкамі, беларусы жывуць перамяшаўшыся з ліцьвінамі.

Слонім, ля р. Шчары — старае, беларускае места. Найбольшы росквіт быў у XVIII веку, калі тут была рэзыдэнцыя важнага магната, князя Агінскага, (каторы за свой кошт пракапаў Агінскі канал). Тады Слонім моцна вырас. Пасьля ён крыху падупаў, а цяпер з правядзеньнем чыгункі і шосаў на Берасьце, Беласток і Баранавічы йзноў пачаў шыбка разьвівацца. Цяпер у ім насяленьня больш за 20 тыс. Есьць прыстань, якая адпраўляе шмат лесу і хлеба ў Прусы. Есьць суконная хвабрыка і некалькі заводаў.

Слонім.