Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ля Вяльлі, на мяжы з Ліцьвінамі, ляжыць беднае мястэчка Кернова — некалісь — у XI—ХIII вякох — сталіца Літвы.

Віленскі павет мае добрыя, ураджайныя грунты, асабліва на поўначы, дзе жывуць ліцьвіны. Усходняя часьць павету лясістая і радзей заселеная. У паўднёва-заходнім рагу павету пачынаюцца лясы Рудніцкай пушчы, якая ляжыць найбольш у Троцкім павеце.

У Троцкім павеце беларусы займаюць толькі заходнюю частку павету, прымерна 1/5 частку ўсяго яго прастору; зямля тут пяшчаная. На паўдні беларускае часткі павету і ляжыць Рудніцкая пушча на пяскох і балотах ля р. Марачанкі. На поўначы беларускае часткі павету, за 4 мілі ад Вільні, ў вазёрнам краю, ляжаць Трокі, павятовае места, слаўнае сваёй мінуўшчынаю. Места ляжыць на паўвостраве, паміж азёраў; на востраве, сярод возера, высяцца руіны старасьвецкага вялікакняжскага замку. Тут жылі Кейстут і Ольгерд; тут жыў і памёр слаўны Вітаўт, тут жылі Казімір і Аляксандра, вялікія князі беларуска-літоўскія.

Сьвянцянскі павет ляжыць на правым беразе Вяльлі. У паўднёвай яго палавіне, засялёнай беларусамі, ляжаць лёгкія супяшчаныя грунты. На поўначы-ж ідзе Завялейскае ўзгор‘е пакрытае суглінкамі. На усходняй мяжы павету ляжыць найбольшае возера Беларусі — Нароч, а недалёка ад яго — другое вялікае возера — Сьвір. Ля апошняга возера знаходзіцца старасьвецкае мястэчка Сьвір — некалісь сталіца вудзельных князёў Сьвірскіх.

Сьвянцянскі павет досіць лясісты, асабліва ў заходняй частцы. Як і Віленскі, ён увесь засыпаны дробнымі вёсачкамі, засьценкамі. Гаспадарка вядзецца добрая. Шмат садзяць бульбы.

У Ашмянскім павеце ёсьць шмат мясьцінаў з вялікай гістарычнай мінуўшчынай. Сярод іх адзначаецца Крэва — З старым вялікакняжскім замкам, дзе быў забіты Кейстут. Некалькі мястэчак Ашмянскага пав. маюць асаблівае прамысловае і гандлёвае значэньне. З іх найбольшыя — Смаргоні і Ашмяна. У Смаргонях (больш 7 тыс. жыхараў) вельмі разьвіта гарбарства. Там працуе некалькі дзесяткаў гарбарняў. Даўней тут князь Радзівіл быў зрабіў школу для вывучкі медзьведзянятаў, якую на жарт называюць да гэтых часаў „Смаргонскай акадэміяй“. Вядомы Смаргоні яшчэ з сваіх абаранак. У Ашмяне (каля 8 тыс. жыхараў) так сама шмат гарбарняў.

Так сама ёсьць гарбарні ў досіць значным мястэчку Гальшанах (3 тыс. жых.), даўнейшай разыдэнцыі князёў Гальшанскіх. У мястэчку шмат рамясьнікоў, якія займаюцца воўнаю, вырабляюць рукавіцы, панчохі і інш.