Палкоўнік. А ты глыбей глянь! Васіль шчасьлівы са сваёй жонкай?
Гаспадыня. Гэта іх справа.
Палкоўнік. Растравіла хлапца, быццам зьвер.
Гаспадыня. Я хутка супакою гэтага зьвера, ён у маіх руках.
Палкоўнік. Я цябе не разумею — здагадкі, здагадкі і здагадкі.
Гаспадыня. Вось цяпер і я табе скажу — глыбей глянь, мілы мой. За гарэлачкай ня бачыш, як хата ў нейкую друкарню абярнулася.
Палкоўнік. У якую друкарню?
Гаспадыня. А такую! Куды ні глянеш — адозвы да бунту. Рэволюцыянэра на сваіх плячах адкармілі.
Палкоўнік. Ну, і добра, хай здароў жыве.
Гаспадыня. З паромшчыкам здружыўся, бунт рыхтуюць.
Палкоўнік. Не паверу!
Гаспадыня. Ня верыш — схадзі ў альтанку, убачыш… і прыгатуй сваю сівую галаву. (Дае адозвы). На, чытай
Палкоўнік (чытае). Пролетарии всех стран, соединяйтесь! Ха-ха-ха!
Гаспадыня. Ты што? Здурэў, ці што?
Палкоўнік. Ты глянь, што за роскаш. Пролетарии, соединяйтесь!
Гаспадыня. Што тут сьмешнага?
Палкоўнік. А тое, што ад першых радкоў піша праўду.
Гаспадыня. Ашалеў дзед на старасьці.
Палкоўнік. Зусім зразумела. Пролетары і шукае пролетара і заклікае іх у сваю грамаду.
Гаспадыня. Недарэчныя жарты!
Палкоўнік. Ну, а як іначай. Ты хацела, каб ён заклікаў у пролетарскія рады палкоўнікаў, генэралаў і цябе за кіраўніка! А ну, далей!
Гаспадыня. Выдзі, выдзі, я не хачу з табой гаварыць!