а прыродзе, дык ён марыць аб нябескіх мігдалах, калі я аб сьмерці, дык ён аб каханьні. А трэба ведаць, што такому радавітаму шляхцічу, як пан Альфонс Додэ — Додэ… Ты ведаеш, гэта магнацкая фамілія. Гэта старадаўны род, спрадвечны род Додэ — не да твару быць фігляром.
Гаспадыня. Пан Альфонс вельмі рухавы чалавек, дзеля таго яму марыць аб маладосьці можна.
Пясэцкая. А мне гэта не да спадобы! Пан Альфонс мой сакратар, мая правая рука, і таму ён павінен граць у мой тон.
Зьявіўся палкоўнік
Палкоўнік (за сцэнай). Рота, смірна, раўненьне направа. (Чуваць галасы дзяцей: „Здравія жалаем“ і г. д.). А, каго бачу? Дарагія мае госьці!
Пясэцкая. А няхай вас, так спалохалі мяне! Якая ў вас рота? Дзе вашы салдаты?
Палкоўнік. Да гэта мае дзеці — мужычкі на дварэ гуляюць. Вось я і вітаюся з імі. (Вітаецца). Студэнт, кажы, дзе быў!
Студэнт. Быў там, дзе цёмны бор шуміць і ручаёк, як зьмей, цішком бяжыць.
Палкоўнік. Шчасьлівы чалавек!
Гаспадыня. Гэта патвойму.
Пясэцкая. І памойму добра. Бор шуміць, ручаёк цішком бяжыць. Прырода, прырода і прырода.
Палкоўнік. Мне, адстаўному вэтэрану, і то зажадалася ў пушчу.
Гаспадыня. Мала табе было манжурскіх пушчаў?
Палкоўнік. А ты ведаеш, будзе яшчэ вайна — я з адной рукой у бой пайду.
Пясэцкая. На якое ліха нам вайна? Б‘юць людзей, псуюць прыроду.
Палкоўнік. Ня прырода нам патрэбна, а баталіі, атакі, канонады!
Гаспадыня. Гэта вам вайсковым, а нам — зусім другое. (Гэстам паказвае на студэнта і Марысю).
Пясэцкая. Так, так, у нас справа паважная.