верыш ты, што я таксама, як і раней, люблю цябе? (Пауза). Ну, скажы, мая зорка! (Ганка маўчыць). Я зразумеў цябе… ня месца тут. Заўтра ўвечары за гарой ты мне скажаш, а цяпер бяжы, мая каханая! Чую — цётка надыходзіць. (За сцэнай чуваць гоман). Што-ж, Гануся, будзеш?
Ганка. Буду, мой даражэнькі, буду! (Абое пашлі ў бакоўку).
Уваходзіць гаспадыня і Пясэцкая
Гаспадыня. Выбачай, даражэнькая, што затрымала на дарозе.
Пясэцкая. Я сама прасіла, калі прыедзе студэнт, паведаміць мяне.
Гаспадыня. Прыехаў, толькі што з дарогі.
Пясэцкая. Дык дай-жа мне яго, пакажы!
Гаспадыня. Зараз паклічу!
Пясэцкая. Я на яго гляну і зараз скажу, ці будзе да спадобы ці не, бо Марыся пакладаецца на мяне.
Гаспадыня. Будзе да спадобы, будзе!
Пясэцкая. Я многа не хачу: зяць павінен быць дваранін, любіць прыроду, любіць Марысю і мяне.
Гаспадыня. Усё гэта будзе.
Пясэцкая. Век мой кароткі, усё ім здам на рукі, а сама буду жыць (уздыхнула) з прыродай.
Гаспадыня. Ці варта аб гэтым казаць?
Пясэцкая. А я і забылася, з каго паходзіць студэнт. Ён дваранін?
Гаспадыня. А то як-жа! Самай чыстай крыві дваранін, патэнтаваны дваранін!
Пясэцкая. Ну, калі-ж ён выйдзе? Я чакаю!
Гаспадыня. А вось зараз. (Кліча: Васіль! Васілёчак!)
Уваходзіць Васіль з закасанымі рукавамі, з расшпіленым каўняром і з ручніком у руках
Гаспадыня (не пабачыўшы яго). Васілёк! Гэта пані Пясэцкая, пазнаёмся! (Глянула на яго). Няўжо-ж ты яшчэ не памыўся?
Студэнт. Яшчэ не пасьпеў.