Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


яны пільнавалі акуратнага паступаньня ў скарб вайсковых падаткаў і спажыўных запасаў на прыпадак аблогі. Стараста і воеводы карысталіся так жа судовай уладай: жыхары, нездаволеныя пастановамі намесьнікоў-дзержаўцаў, зьверталіся да іх з апэляцыямі, часам зверталіся да іх яны і безпасярэдна, мінуючы дзержаўцоў; воеводы і старасты мелі права судзіць баяроў-шляхту, непадсудных намесьнікам-дзержаўцам. Пры воеводзе або старасьце была зазвычай, накшталт гаспадарскай, свая воеводзкая рада, зложаная сьперша з мейсцовых дастойнікаў, а пазьней выбіраная соймікамі. Цэнтральная ўлада давала самую шырокую аўтаномію паасобным воеводзтвам і землям; да гэтага правы і вольнасьці каждай зямлі былі замацаваны ў дзержаўных актах, т[ак] званых прывілеях.

ХАРУГОЎ

Аддзел кавалерыі ад 100 да 200 коней за часоў Вялікага Князя Літоўска-Беларускага называўся ротай. Калі ж за Зыгмунта III-га заменялі даўнейшую краёвую вайсковую арганізацыю на загранічную, пачалі пяхотные шыхі называць ротамі, а кавалерыі далі назоў харугві, бо кождая конная тактычная адзінка мела сваю асобную харугоў, ці, па цяперашняму, флаг. З гэтага часу пачалі гаварыць у паточнай мове «служыць у харугві», «набіраць харугоў» і г.д. Харугві бывалі Каралеўскія, павятовыя і надворныя магнацкія. Бо нашы магнаты павінны былі сваім коштам утрымліваць меншыя або большыя вайсковыя часткі, з каторымі ў часе вайны павінны былі ісьці на абарону краю.

ХАРУЖЫ (І)

Харужыя былі трох ступенеў: Харужы земскі Вялікага Князьства Беларуска-Літоўскага, харужы дворны і харужыя паветовыя. Галоўны абавязак харужых, устанаўляючай іх