Старонка:Вінаваты (1930).pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

якой было даволі для таго, каб паехаць як мага далей на поўдзень і там шукаць працы.

Алесь паціху йшоў праз сад, нібы хацеў назаўсёды ў памяці захаваць вобразы знаёмага саду, гораду. У гары над садам віліся стаяй галкі і моцна каркалі. Дрэвы ў садзе былі ўжо апрануты ў маладое, зялёнае лісьцё і засланялі лісьцём цямнеючае ў зоравым сьвятле высокае неба. У садзе рабілася ўсё цямней. Дзесьці за горадам у палявым прасторы, куды зайшло сонца, нарадзіліся густыя змрокі і, паціху, насоўваючыся на горад, спавівалі яго ў вялізную мяккую коўдру ночы.

На вакзале Алесь купіў білет да аднэй з паўднёвых станцый і, калі падышоў цягнік, сеў у вагон. У вагоне ён адчуў сябе зусім адзінокім. Балюча заныла сэрца. Хацелася, каб цягнік хутчэй адышоў, каб тады забыцца на ўсё і ў вялікай дарозе на поўдзень разгубіць тугу.

Калі вагон, паціху ўздрыгваючы, загрымеў коламі і пакаціўся па рэйках, нейкая сіла прымусіла Алеся павярнуцца ў бок да вагоннага акна і шчыльна прытуліла яго да аконнае шыбы.

За акном ад вагона паціху адплываў усё далей і далей і хутка зьнік, у засланай густым туманам і начнымі змрокамі далячыні, горад з агнямі. Алесь шчыльней туліўся гарачым тварам да шыбы аконнай і шукаў поглядам у цёмнай далячыні пакінуты горад...

1929 год

Місхор — Менск