Перайсці да зместу

Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).djvu/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Штаўффахер.

Я ад імперыі свой маю лен.

Вальтэр Фюрст.

Рабіце ўсё, што вінны і не болей.

Мы хочам выгнаць прэч з краіны фогтаў,

Іх наймітаў і замкі іх разбурыць,
Калі магчыма, без крыві, хай бачыць
Наш імператар, што адно з бяды
Мы шанаваць не сталі абавязкаў.
І калі мы ў граніцах застанемся,
Быць можа перасіліць ён свой гнеў.
Ўсяляе большы страх такі народ,
Які схіляецца з мячом ў далоні.

Рэдынг.

А як-жа мы пачатае закончым?
У ворага ёсць зброя у руках,
Без бою ён напэўна нам не здасца.

Штаўффахер.

Ён здасца, калі ў нас убачыць зброю,
Бо мы яго заспеем нечакана.

Мейер.

Сказаць няцяжка, выканаць цяжэй.
Дзве крэпасці ў краіне нас трымаюць,
За іх сцяною ворагу не страшна,
Калі кароль сам з‘явіцца ў краіне.
Росберг і Сарнен трэба ўзяць адразу,

Раней, чым меч уздымуць тры кантоны.