Гэта старонка не была вычытаная
Штаўффахер.
Народы іншыя нясуць ярэм
І самі пераможцам паддаліся.
І ў нас такія у краіне ёсць
Рабы, што век жывуць ў чужой няволі
І рабства дзецям спадчынай даюць.
А мы, швейцарцы са старога роду,
Мы волю назаўсёды збераглі.
Перад князямі мы не гнем калені,
Пад імператара пайшлі свабодна.
Рэсельман.
Імперыі мы самі аддаліся;
Пацвердзіў гэта імператар Фрыдрых[1].
Штаўффахер.
Але і самы вольны мае ўладу.
Патрэбен правадыр, суддзя вышэйшы,
Дзе праўды сталі-б мы шукаць у спрэчках.
Дзеля таго вось продкі нашы самі
За тую пустку, дзе яны аселі,
Пайшлі да імператара, што ў землях
Пануе італьянскіх і нямецкіх
І разам з вольнымі людзьмі дзяржавы
Яму служылі дапамогай збройнай;
Бо вольнага адзіны абавязак
Служыць дзяржаве, як яна яму.
- ↑ Германскі імператар Фрыдрых II, які ў 1241 г. даў швейцарцам грамату, у якой вызначаліся іх правы і абавязкі ў адносінах да імперыі.