Перайсці да зместу

Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).djvu/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ісці на бой з уладарамі свету?
Патрэбна можа ім адна прычэпка,
Каб кінуць на няшчасны гэты край
Сваёй вайсковай сілы злыя орды,
Каб, скарыстаўшы права пераможцы,
Нібыта для таго, каб пакараць,
Забраць у нас старую волю нашу.

Гертруда.

Мужчыны вы, сякеру ўздыме кожны,
Адважным дапаможа бог заўсёды.

Штаўффахер.

Падумай толькі, жонка, што за жах
Вайна: і пастухоў, і статкі нішчыць.

Гертруда.

Нам трэба знесці ўсё, што шле нам неба,
А крыўд цярпець не можа вольны дух.

Штаўффахер.

Ты любіш незвычайна дом наш новы —

Вайна яго на трэскі разнясе.

Гертруда.

Якая-б ні была мая прыхільнасць,
Яго спаліла-б я сваёй рукой.

Штаўффахер.

Пра чалавечнасць ўспомні ты. Вайна
Дзіцяці не шкадуе у калысцы.

Гертруда.

Нявіннасць мае прыяцеля ў небе.
Глядзі наперад, Вернер, не назад.