Гэта старонка не была вычытаная
Скачыце ўслед, калі паддаць вам ходу,
Дык вы яго дагоніце адразу.
2-гі коннік.
Пракляты! Вырваўся ён з нашых рук.
1-шы коннік (да пастуха і рыбака).
За тое, што яму дапамаглі вы,
Мы пакараем вас — разгонім статак,
А хаты вашы спалім і зруйнуем. (Ад‘язджаюць)
Сеппі (бяжыць ім услед).
Мае авечкі!
Куоні (за ім).
О, мой слаўны статак!
Верні.
Драпежнікі!
Руоды (ломячы рукі).
О, справядлівасць неба,
Калі-ж краіны гэтай збаўца прыйдзе? (Ідзе за імі).
ДРУГАЯ З‘ЯВА.
Штайнен у Швіцы; перад домам Штаўффахера на дарозе ля маста стаіць ліпа. Вернер Штаўффахер і Пфайфер з Люцэрна ідуць размаўляючы.
Пфайфер.
Так, пане Штаўффахер, я вам кажу,
Не прысягайце Аўстрыі[1], пакуль
Магчыма гэта, будзьце цвёрдым, мужным.
- ↑ Кантон Люцэрн у 1291 г. належыў Аўстрыі; Пфайфер, які паходзіць з Люцэрна, адчуўшы, як відаць, прыгнёт Аўстрыі, перасцерагае Штаўффахера.