Гэта старонка не была вычытаная
Пакажаш зараз-жа. Вазьмі свой лук, —
З табой якраз ён, — падрыхтуй і збі
Мне яблыка у сына з галавы.
Ды толькі раю, добра цэлься, так,
Каб яблыка было адразу збіта.
Інакш прапала галава твая.
(Усе робяць рух жаху).
Тэль.
О, пане, жудасны які загад
Далі вы. З галавы свайго дзіцяці…
Не, не, вам гэта не прыйшло у думку.
Бог літасцівы. І ад бацькі вы
Патрабаваць не можаце такога.
Геслер.
Павінен яблыка збіць з галавы ты
У хлопца — гэткі мой загад.
Тэль.
Я мушу
Уласнаю рукой на галаву
Дзіцяці лук наводзіць. Лепш памру я.
Геслер.
Страляй, іначай разам з ім памрэш.
Тэль.
Я мушу стаць забойцам свайго сына?
О, пане, вы не бацька — як вам ведаць,
Што адчувае бацькаўскае сэрца.
Геслер.
Э, Тэль, ты раптам стаў такім разважным.
А мне казалі — лятуценнік ты
І звычаямі іншых пагарджаеш.