Ад мамэнтаў вялікай радасьці пры спаўненьні нашых найсьвяцейшых ідэалаў мы ўжо гэтулькі разоў так рэзка, так неспадзявана пераходзілі да поўнае ўтраты веры ў самы ідэал. Білі нас па нєрвах і свае і чужыя, — білі балюча, безміласэрна…
Пасьля бур, пасьля вострых перажываньняў душа шукае супакою, адпачынку. Думка кіруецца ў тыя сфэры, дзе пануе чыстая краса і гармонія. І цяпер больш, чым калі, мы адчуваем патрэбу абмыць душу ў чыстай крыніцы поэзіі, мастацтва. І цяпер лепш, чым калі, мы можам адчуць і зразумець Багдановіча і ацаніць вялізарную ўтрату ў асобе Яго.
* * *
Хараство поэзіі Багдановіча ня ў сіле, ня ў тым магутным творчым размаху, які выяўляецца, напрыклад, у Купалы, ня ў красачнасьці, сакавітасьці абразоў прыроды, чым так чаруе нас Колас. Багдановіч — поэт паўтонаў. Свае фарбы ён бярэ з паблеклых старадаўніх тканін, з малюнкаў сьвятых кніг, пісаных многа сот лет таму назад на пэргамэньце, з засохшых красак родных палёў. Яго грудзі ўдыхаюць „воску з ладанам прыёмны пах“, якім пранікнуты страніцы збутвелых ад часу фоліянтаў. Прад Яго вачыма праносяцца празрыстыя, як косы месяца, разьвеўныя і маўклівыя русалкі, Яму грае ў бары лясун, — і вадзянік, пакрыты адвечным ілам, вядзе з ім разгавор. Уваскрасаюць „слуцкія ткачыхі“ і, захопленыя хараством прыроды, у пэрсідзкія ўзоры паясоў нясьведама ўплятаюць „цьвяток радзімы васілька“. А ў бруднай, ўпэцканай васьмігадовай дзяўчынцы-няньцы ён выкрывае