Перайсці да зместу

Старонка:Вянок (1927).djvu/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Нахіліла смуглую галоўку
І чуваць, як сэрца праз шнуроўку
Часта б’ецца. А стары млынар
Тройчы брызнуў ёй вадой на твар
І, уставіўшы на хвалі вочы,
Прыглушаным голасам шапоча:
„Пакланюсь я табе, царыца,
Чыстая, сьцюдзёная вадзіца.
Ты цячэш балотамі, імхамі,
Жоўтымі, сыпучымі пяскамі,
Берагі крутыя падрываеш,
Дрэвы ды камні падмываеш
І нясеш іх к мору-акіяну,
К выклятаму востраву Буяну.
Там і вецер буйны ня гуляе,
Там і сонца краснае ня зьзяе,
Там ня блішча ясная зарніца
І прыносіш ты туды, вадзіца,
Важкі сум ад сэрца Кацярыны.
Я навокал абваджу тры тыны,
На замок іх моцна замыкаю,
Ключ у мора-акіян кідаю.
Як са дна ключу ўжо не падняцца
Так і гэтым словам ня мінацца“.

І падносіць млынару дзяўчына
Яек рэшата і палатніну.