Дробны дождж сячэ, ліецца;
Вецер злосна ў хату рвецца,
Ў полі стогнам аддаецца,
Стукне ў дзьверы і вакно; —
Сэрца беднае заб’ецца
І адразу ў ім прачнецца,
І адразу скалыхнецца
Ўсё, што згінула даўно.
Ўспомніць сэрца, што любіла,
Ўспомніць моладасьць і сілу,
Ўсё, што зьнікла і уплыла,
Ўсё успомніць, як у сьне. —
Бачу: сэрца не забыла,
Што жыцьцё ў ім загубіла…
І разрытаю магілай
Вее сумна на мяне.