Ціха па мягкай траве
Сінявокая ноч прахадзіла;
Ціха з заснуўшых палян
Плыў угару і зьнікаў,
Быццам дым сіняваты з кадзіла,
Рэдкі правідны туман;
Неба, ўсю глыб ажывіўшы,
Патроху праз цемнь выглядалі
Зорак дрыжачых вянкі;
Конікі суха зьвінелі;
Шырэй разьліваліся хвалі
Цёмнай люстранай ракі;
Пала раса; у палёх
Загарэліся пацеркі мілых
Жоўта чырвоных агнёў…
Час, калі трэба журыцца
Душою на сьвежых магілах
Пуста пранёсшыхся днёў.
|