Ў цёмным небе — хараводы
Сіняватых зорак,
Ў цёмным небе сьвеціць месяц
Залатым сярпом…
Мы ўжо выйшлі з цесных, душных
Пад‘зямельных норак,
На зімовы цёплы вырай
Цягнемся-паўзём.
Ў полі, у лесе, нам усюды
Праляглі дарожкі!
Ўстужкай рушымся між пушчы,
Насамперад — я.
Зіхацяць маей кароны
Залатыя рожкі,
Цёмным бліскам адлівае
Ўся луска мая.
Нам ня трэба ні ад чога
Ноччу абароны, —
А спаткаем чалавека,
Порт рассьцеле ён:
Залаты ражок яму
Я ўраню з кароны,
І праз белу палатніну
Дальш мы папаўзём.
|