Перайсці да зместу

Старонка:Вянок (1927).djvu/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Віднеліся ў сьцянах сьляпыя вокны іх
І аж чарнелася салома стрэх гнілых.
Ўсё руйнавалася, старэла, адмірала
І мала што вакол хоць трохі аздабляла
Вясковую нуду; мак яркія цьвяткі
Рожнакалёрныя, як тыя матылькі,
У градах высыпаў і цешыў імі душу,
Ды можна йшчэ было там-сям пабачыць грушу,
Крывую, старую… вось толькі і ўсяго.
І да таго-ж з людзей ня відна нікаго, —
Яны на полі ўсё; не мільканець спадніца,
Ня пройдзе з вёдрамі па воду маладзіца,
Ня ўгледзіш белую магерку мужыка,
Ў паветры не памкне іржаньне жарабка
І песьня сумная не паліецца звонка…
Што-ж дзіўнага, калі, раптоўна крык дзяцёнка
Пачуўшы, дрогнуў я і аглядзеўся. Ах!
Я спудзіў хлопчыка; на руках і нагах
Ён, бедненькі, папоўз па траўцы ля сьцяжынкі,
Да нянькі траплячы — так год васьмі дзяўчынкі.
І вось, дабраўшыся ў падолак, разам з ей
З трывожным голасам уткнуўся ён хутчэй
І, як схіляецца ад ветра верх бярозкі,
Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, сьлёзкі
Сьціраючы яму, штось пачала казаць,
Каб заспакоіць плач — зусім, як быццам маць.
І саліваліся ў жывы абраз ядыны
Той выгляд мацяры ды з воблікам дзяўчыны —
Дзіцячым, цененькім; і ў гэты час яна,
Здавалася, была аж да краёў паўна
Якойсь шырокаю, радзімаю красою, —
І, помню, я на міг пахарашэў душою.