Перайсці да зместу

Старонка:Вялікі скарб нашай старасьвеччыны (Самойла).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цы, здаецца, даволі лёгка было-б пагадзіцца нам з нашымі паўдзённымі братамі. Бо-ж - ані на кіеўскае "правадырства", ані на "адзінства Рускае Зямлі" беларусы наагул ня маюць ніякае прэтэнсіі.

"Дух" паэмы — кіеўскі, ці ўкраінскі, але яе „душа“, яе сэрца, як яе месца нарадзінаў, яе пляменны грунт, блізу ўся яе эпічная тэматыка, увесь яе дынамічны драматызм — бясспрэчна беларускія.

Родная аўтару Севершчына ляжала якраз паміж дзьвумя найвялікшымі, а галоўнае найбольш рознымі асяродкамі даўнейшай, у сьведамасьці аўтара "Слова" — "адзінай Русі". Полацкі цэнтр меў з заходу, ад сваіх літоўцаў блізу зусім такіяж клапоты, як кіеўскі - з усходу, ад полаўцаў. Першы цэнтр, з усімі "цягнуўшымі" да яго абшарамі, быў выразна беларускім, як другі - у большасьці — украінскім. Полацкая Зямля, у шырокім сэнсе слова, жыла зусім асобным жыцьцём. І гэта вельмі ярка адбіваецца і ў самай паэме. Полаччына, як відаць і з летапісаў, блізу ня была зьвязанай з "Кіеўскай Русьсю". Чаму-ж гэта ў нашым "Слове" яго аўтар — ня толькі ведае і апавядае з задзіўляючай дакладнасьцю ўсе падзеі Полацкага абшару, але яшчэ і з роўным сардэчным жарам і жахам сумуе над лёсам Полаччыны, быццам над лёсам роднай Маткі-Айчыны?.. Вось гэты бясспрэчны факт, як нам здаецца, спараджае наймацнейшыя сумлівы адносна тэзы аб "украінскай вылучнасьці" паэмы. Родная аўтару Севершчына, лежачы паміж гэнымі пляменна і палітычна рознымі абшарамі і цэнтрамі — Кіеўшчынай і Полаччынай — і душою неяк разрывалася паміж імі. З гэтуль павінна была выплываць, з неабходнасьцю, і тая супярэчнасьць паміж дзьвюмя палавінамі душы" аўтара паэмы, якую мы сьцьвердзілі на падставе аналізы зьместу яго паэмы. Але, як і ў вершы Гётэ, "абедзьве душы" аўтара — адначасна — і жывуць у ім і імкнуцца адарвацца адна ад аднэй. "Кіеўская" душа аўтара, душа княжскага дружыньніка-песьняра, хоча ахапіць усю Рускую Зямлю ў адзінае цэлае; северская душа яго выяўляе сэпаратныя імкненьні свайго абшару і яго князёў. На гэтай антытэзе — ідэолёгічнага, палітычнага адзінства "Рускай Зямлі" (выплываўшага сьпярша - з адзінства варажскага пануючага слою) і сэпаратызмаў паасобных яе земляў, розных і пляменна і гео-палітычна, — і пабудавана ўся ўнутраная дынаміка паэмы. У гэтым, як бачым, глыбака ляжачым у прыродзе рэчаў гістарычным канфлікце - увесь драматычны "патос" паэмы. Норма адзінства - статычная ідэя паэмы - рэзка супярэчыць факту - жыцьцёвай дынаміцы тагачасных падзей. У гэтым жывая гістарычная праўда паэмы.

Нам астаецца толькі паказаць, як усё гэта адбілася — з неабходнасьцю — на тым, што можна што можна назваць, у шырокім сэнсе