Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РАЗДЗЕЛ І

Бацькі майго прозвішча было Пірып, а мяне звалі Філіп, і са спалучэння гэтых двух назваў мая дзіцячая мова не магла скласці нічога выразней, як Піп. Дык вось, я празваў сябе Піпам, і з маёй лёгкай рукі ўсе пачалі зваць мяне «Піп». Я ніколі не бачыў сваіх бацькоў, не бачыў і іх партрэтаў (у тыя часы фатаграфій яшчэ не было і ў паміне), і маё дзіцячае ўяўленне аб іх абодвух было без асаблівых падстаў узята з выгляду каменных пліт над іх магіламі. Размяшчэнне надпісу на бацькавым помніку надало мне нечаканую думку, што ён быў шырокаплечы, плотны брунет з чорнымі кучаравымі валасамі, а з агульнага выгляду і фігуры надпісу, які гаварыў: «А таксама Джарджыана, жонка вышэйпамянёнага», я па-дзіцячаму зрабіў вывад, што мая маці была жанчына хваравітая, з жоўтым, пакрытым вяснушкамі тварам. Што-ж датычыць пяці маленькіх, футы па паўтара даўжынёю, каменных плітак, якія былі выцягнуты ў адну правільную лінію побач з магіламі бацькоў і прысвечаны памяці маіх пяці братоў, то гэтыя мініятурныя помнікі назаўсёды пакінулі ва мне цвёрдае перакананне, што мае браты нарадзіліся, лежачы на спіне і засунуўшы рукі ў кішэні штаноў, адкуль так і не вымалі іх за ўвесь час свайго кароткага жыцця на гэтым свеце.

Наша мясцовасць балоцістая і знаходзіцца каля ракі, міляў за дваццаць ад мора. Мне здаецца, што першае яркае і пэўнае ўяўленне аб свеце, што акружаў