Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і што гэта быў прывычны, стары ўспамін, а не здарэнне, якое толькі што адбылося.


РАЗДЗЕЛ IX

У адну прыгожую раніцу, праз дні два, мне прышла ў галаву шчаслівая думка: я рашыў, што найлепшы для мяне сродак стаць незвычайным — гэта пастарацца пераняць ад Бідзі ўсё, што яна ведала сама. Праследуючы гэтую бліскучую ідэю, я ў той-жа вечар, як толькі прышоў да бабуні містэра Вопсля, сказаў Бідзі, што па асаблівых прычынах я жадаю адзначыцца ў свеце і буду ёй вельмі ўдзячны, калі яна падзеліцца са мною сваімі ведамі. Бідзі, асоба надзвычай спагадлівая, зараз-жа згадзілася і, не адкладаючы ні хвіліны, прыступіла да выканання свайго абяцання.

Праграма вучэбных заняткаў у бабуні містэра Вопсля можа быць апісана ў нямногіх словах. Вучні елі яблыкі і тыкалі адзін аднаму за шыю саломінкі, пакуль бабуня містэра Вопсля не пачынала сцябаць усіх без разбору бярозавым прутам. Атрымаўшы гэтую ўзнагароду з відавочнай насмешкай, вучні выстрайваліся ў лінію і з шумам перадавалі з рук у рукі абшарпаную кніжку. У кніжцы былі: азбука, табліца множання і склады, гэта значыць некалі былі. Як толькі кніжка пачынала хадзіць па руках, на бабуню містэра Вопсля находзіла аслупяненне: але ці быў гэта проста сон ці прыпадак рэўматызма, для нас аставалася загадкаю. Тады вучні пачыналі параўноўваць, чые боты маглі больш моцна адціснуць пальцы суседу. Гэта разумовае практыкаванне працягвалася да таго часу, пакуль не ўбягала Бідзі з трыма бібліямі. Бідзі называла цыфру старонкі, і мы пачыналі чытаць уголас усе разам, як умелі, або, вярней, як папала, так што выходзіў самы жахлівы гармідар. Пасля некалькіх хвілін аглушальнага гвалту бабуня містэра Вопсля прачыналася, накідвалася на першага трапіўшага пад рукі хлопчыка і круціла яму