Перайсці да зместу

Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

каля заставы здаваўся вялізнай светлай плямаю, і ад яго праменні клаліся ў тумане нейкай густою, шчыльнаю масай. Раптам мы наткнуліся на чалавека, які прытуліўся пад навесам каля заставы з затуленага ад ветру боку.

— Гэй! — закрычалі мы, спыняючыся. — Гэта ты, Орлік?

— Я, — адказаў ён, выходзячы. — Я спыніўся на хвілінку, чакаў спадарожнікаў.

— Аднак ты пазнавата, — заўважыў я.

— Ды і ты не рана, — запярэчыў ён зусім проста.

Я запытаўся, дзе ён быў на працягу свайго поўдня, у горадзе ці ў прадмесці.

— Усюды патрошку, — адказаў ён. — Я ішоў следам за вамі. Я не бачыў вас, але, напэўна, быў, недалёка ад вас… А гарматы зноў страляюць.

— На галерах? — запытаўся я.

— Так, відаць, птушкі зноў вылецелі з клетак. Як сцямнела, дык і пачалі страляць. Пачакайце, зараз пачуеце.

І сапраўды, не паспелі мы прайсці некалькі сажняў, як гук гарматнага стрэлу даляцеў да нас і цяжка раскаціўся па нізіне, нібы, праследуючы і страшачы беглякоў.

— Добрая ночка для ўцёкаў, — сказаў Орлік. — Цяжка ў такую ноч злавіць турэмную птушку за хвост.

Дарога ішла каля «Трох Вясёлых Грабцоў», і на наша здзіўленне мы заўважылі там вялікае ажыўленне, хоць было ўжо адзінаццаць гадзін: дзверы былі адчынены насцеж, а ў вокнах супроць звычаю мігалі агні. Містэр Вопсль, думаючы, што злавілі катаржніка, зайшоў даведацца, у чым справа, і зараз-жа выбег назад.

— У вас у доме няладна, Піп, — сказаў, ён не спыняючыся. — Бяжы хутчэй!

91