лася ад здзіўлення і назвала мяне па імені, а я толькі ўсклікнуў:
— Эстэла!..
— Я страшна змянілася… дзіўлюся, як вы пазналі мяне.
Сапраўды, асляпляючая свежасць яе прыгожасці паблякла, але ранейшая яе веліч і непераможная прывабнасць засталіся. Мне была вядома чароўнасць яе прыгожасці; але раней я не бачыў у ёй ціхага суму ў некалісь гордым позірку, і мяне здзівіў сяброўскі поціск яе рукі, якая была раней такая нячулая.
Мы селі на бліжэйшую лаўку, і я сказаў:
— Ці не дзіўна, Эстэла, што пасля столькіх год разлукі мы сустрэліся тут, на месцы нашай першай сустрэчы? Вы часта прыязджаеце сюды?
— Я тут з таго часу не была…
— І я таксама.
Паказаўся месяц, — і мне мімаволі ўспомніўся накіраваны на белую столь спакойны погляд Мегвіча. Месяц падымаўся ўсё вышэй — і я прыпамінаў яго апошні поціск рукі ў адказ на мае словы, апошнія словы, якія ён чуў.
Эстэла першая перарвала маўчанне.
— Я часта збіралася з‘ездзіць сюды, але мяне заўсёды затрымлівалі розныя перашкоды! Бедны стары дом!..
Першыя праменні месяца прарэзалі серабрысты туман і заблішчэлі на слязах, што каціліся па яе шчаках.
Не падазраючы, што я заўважыў гэтыя слёзы, яна сказала, стараючыся здавацца спакойнаю:
— Вы, мусіць, дзівіліся, ходзячы тут, чаму ўсё прышло ў такое запусценне?
— Так, Эстэла.
— Месца належыць мне. Гэта адзіная маёмасць,
340