стаяла на каленях, а распасцёрлася на падлозе, усклікаючы:
— Ах, што я нарабіла, што я нарабіла!..
— Калі вы з-за мяне бядуеце, міс Гевішам, ведайце, што не вы вінаваты ў маім няшчасці. Я пакахаў-бы Эстэлу пры ўсякіх акалічнасцях. Яе вяселле ўжо адбылося?
— Так.
Навошта я задаў гэтае пытанне? Хіба запусценне і адзінота, выступаўшыя цяпер яшчэ больш выразна ў гэтым доме, не гаварылі мне пра гэта ўжо даўно!
Міс Гевішам ламала рукі, рвала свае сівыя валасы і не пакідала цвярдзіць:
— Што я нарабіла, што я нарабіла!..
— Міс Гевішам, — сказаў я, калі яе рыданні крыху сціхлі. — Не думайце больш пра мяне, няхай мой лёс не ляжыць на вашым сумленні. Іншая справа Эстэла. Калі вам у далейшым здарыцца магчымасць загладзіць хоць часткова тое зло, якое вы ёй прычынілі, вытруціўшы ў ёй лепшыя пабуджэнні яе натуры, зрабіце гэта. Гэта будзе лепш, чым плакаць і бедаваць. Мінулага не вернеш.
— Так, ведаю, ведаю. Але, Піп, дарагі мой Піп!.. — Раптам успыхнуўшая ў ёй сімпатыя да мяне была пранікнута гарачым, чыста жаночым жалем. — О, дарагі мой! Павер, калі я ўзяла яе да сябе, яшчэ малюткаю, я думала толькі аб тым, як-бы ахаваць яе ад такога-ж няшчасця, якое здарылася са мною. Спачатку ў мяне ў думках больш нічога не было.
— Я веру вам.
— Але па меры таго, як яна падрастала і прыгажэла з кожным днём, абяцаючы зрабіцца сапраўднаю красуняй, я паступова псавала яе пахваламі, дарагімі ўборамі, сваімі навучаннямі, усёй сваёю асобаю, якая заўсёды была ў яе перад вачыма, як наглядны прыклад
281