на тым, што Провіс не павінен пазнаваць нас, калі мы будзем праязджаць міма Млынарнай грэблі, але потым рашылі, што ён будзе спускаць штору на ўсходнім акне, калі нас заўважыць.
Нашу нараду можна было лічыць закончанай, усё ўжо было перагаворана, і я збіраўся выходзіць, заўважыўшы Герберту, што лепш нам вярнуцца паасобна, і што з прычыны гэтага я выйду на поўгадзіны раней.
— Не хацелася-б мне пакідаць вас тут аднаго, хоць я і ўпэўнен, што тут вам менш небяспечна, чым каля мяне, — сказаў я Провісу. — Бывайце.
— Любы хлопчык, — праказаў ён, моцна паціскаючы мне рукі, — невядома, калі мы ўбачымся зноў, ды і люблю я гэтага слова «бывайце». Скажы лепш: добры вечар.
— Добры вечар! Герберт акуратна будзе паведамляць нам звесткі адзін ад аднаго, а калі надыйдзе час, я буду гатоў, будзьце ўпэўнены. Добры вечар, добры вечар!
Мы рашылі, што лепш яму не праводзіць нас па лесніцы, і я расстаўся з ім на пляцоўцы, перад дзвярыма яго пакоя. Кінуўшы апошні позірк на яго, калі ён зверху, нахіліўшыся над поручнямі лесніцы, асвятляў нам дарогу, я ўспомніў той вечар, калі ён да мяне з‘явіўся; тады наша становішча было зусім адваротнае: я стаяў на версе лесніцы, ён глядзеў на мяне знізу. Як далёка быў я ў той вечар ад думкі, што калі-небудзь у часе разлукі з ім у мяне будзе так балюча сціскацца сэрца, як гэта было цяпер.
На наступны-ж дзень я пачаў шукаць лодку. Я хутка яе знайшоў, і яна была пастаўлена ля Тэмпльскай прыстані, адтуль да маёй кватэры было не больш двух хвілін хады; з таго часу я штодзённа пачаў рабіць на ёй прагулкі, часам адзін, часам удвух з Гербертам, нібы для практыкавання ў грэблі. Часта я вы-
268