РАЗДЗЕЛ XL
Я знайшоў міс Гевішам і Эстэлу ў тым пакоі, дзе стаяў туалет і гарэлі васковыя свечкі. Міс Гевішам поўляжала на канапе перад камінам, Эстэла сядзела ля яе ног на мяккай лаўцы. Эстэла вязала, міс Гевішам глядзела на яе. Калі я ўвайшоў, абедзве павярнуліся да мяне і, як відаць, заўважылі ва мне вялікую перамену. Я здагадаўся аб гэтым па погляду, якім яны абмяняліся.
— Якім ветрам занесла цябе сюды, Піп? — усклікнула міс Гевішам.
Хоць яна глядзела мне проста ў вочы, я бачыў, што яна была ў некаторым замяшанні. Эстэла на хвіліну перастала працаваць, пільна зірнула на мяне і зноў узялася за вязанне.
— Учора я ездзіў у Рычмонд, міс Гевішам, каб перагаварыць з Эстэлаю, і, даведаўшыся, што нейкім ветрам яе занесла да вас, прыехаў сюды.
Міс Гевішам трэці ці чацверты раз паказала мне рукою на стул; я сеў, але не на стул, а на крэсла, што стаяла перад туалетам, дзе яна сама так часта сядзела. Мне здавалася, што сёння для мяне гэта самае падыходзячае месца: ля маіх ног і вакол мяне відаць былі тлен і разбурэнне.
— Тое, што я хацеў сказаць Эстэле, я скажу ёй пры вас, міс Гевішам. Гэта не зробіць вам непрыемнасці; я так нешчаслівы, як толькі маглі-б вы пажадаць.
Міс Гевішам не пакідала глядзець на мяне ва ўпор; па руху рук я мог здагадвацца, што Эстэла ўважліва слухае, але яна на мяне не глядзела.
— Мне стала вядома, хто мой дабрадзей. Нельга сказаць, каб гэта адкрыццё ашчаслівіла мяне; яно не ўзвысіць майго грамадскага становішча, не ўзбагаціць мяне, не дасць мне ніякіх пераваг. Ёсць прычыны,
252