разабраць змест пад слоем плям ад кофе, пікулёў, соусаў, падлівак, топленага масла і віна, надаваўшых газетнаму лісту такі выгляд, нібы ў яго быў моцны кор.
Такім чынам, я ўткнуўся ў газету, а Дрэмль грэўся ля каміна. Раптам мне чамусьці здалося страшэнна крыўдным, што ён адзін заўладаў цяплом ад агню. Рашыўшыся пастаяць за свае правы, я ўстаў з месца, падышоў да каміна, працягнуў руку за качаргою, каб паправіць агонь, прычым чуць не зачапіў за ногі Дрэмля, але ўсё-такі яшчэ рабіў выгляд, быццам яго не пазнаю.
— Вы не хочаце са мною здаровацца? — буркнуў Дрэмль.
— А! гэта вы, — прамармытаў я, не выпускаючы з рук качаргі. — Добры дзець. А я вось гляджу, хто загараджвае мне агонь.
З гэтымі словамі я пачаў шалёна мяшаць у каміне; скончыўшы гэтую аперацыю, я стаў побач з Дрэмлем на кавёр, спіною да агню, у самай ваяўнічай позе.
— Вы толькі што прыехалі? — запытаўся Дрэмль, злёгку адсоўваючы мяне плячом.
— Так, — адказаў я, у сваю чаргу злёгку адсоўваючы яго плячом.
— Ну, старонка: адна брыдота, — праказаў Дрэмль. — Здаецца, вы адсюль родам?
— Мне казалі што яна вельмі падобна на ваш Шропшыр, — адказаў я.
— Ні малейшага падабенства! — запярэчыў Дрэмль.
Ён памаўчаў, паглядзеў на свае боты, я паглядзеў на мае, потым ён агледзеў мае боты, а я яго.
— Вы даўно ўжо тут? — запытаўся я, рашыўшы ў глыбіні душы не ўступаць яму ні вяршка з занятага мною месца.
— Так, парадкам паспела ўжо надакучыць, — адказаў ён, робячы выгляд, нібы пазяхае. Я заўважыў,
249