Перайсці да зместу

Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што я зусім не мог разабрацца, наколькі ва ўсіх сваіх пакутах быў вінаваты я сам. Што датычыць майго ўплыву на іншых, то тут не магло быць сумненняў: я ўсведамляў, хоць, можа, і недастаткова ясна, што мой уплыў нікому не прынёс карысці, а ў асаблівасці Герберту.

У яго быў мяккі, уступчывы характар, і мае марнатраўныя звычкі ўцягнулі яго ў празмерныя выдаткі, парушылі прастату яго прывычак і ўскаламуцілі яго спакой. Тое, што з-за мяне іншыя члены сям‘і Покет пускаліся на мізэрныя хітрасці, мяне не закранала, таму што хітрыкі гэтыя былі ў іх натуры і прабудзіліся-б усёроўна пад уплывам першага поваду, калі-б нават мяне зусім не было. Але Герберт зусім іншая справа. Я часта папракаў сябе за тое, што з мае ласкі ён нацягаў у свае скромныя пакоі прыгожай, але бескарыснай мэблі і завёў «тырана» ў камізэльцы канарэечнага колеру.

Дайшло да таго, што для павелічэння хатніх выгод я нарабіў даўгоў, і Герберт узяў з мяне прыклад. Па парадзе Стартопа, мы дабіліся чэсці залічэння ў члены клуба «Лясных драздоў». Задачы гэтай установы назаўсёды засталіся для мяне загадкаю, калі не лічыць задачамі таго, што панове члены абавязкова сходзіліся разам два разы ў месяц, каб есці дарагія абеды, прычым заядла сварыліся паміж сабою і забаўляліся тым, што спойвалі да бяспамяцтва шасцярых лакеяў, якія сваімі галовамі лічылі потым ступенькі на лесніцах.

Мы транжырылі грошы як толькі маглі, а ўзамен іх нам совалі што папала. Мы заўсёды адчувалі нястачу ў грошах, і большая частка нашых знаёмых у гэтых адносінах была падобна да нас. Мы ашуквалі сябе і ўвабражалі, што весялімся, але, праўду сказаць, ніколі не адчувалі сапраўднай весялосці. Я, аднак, упэўнен, што ў гэтых адносінах мы не былі выключэннем.

190