закапцелыя сцены, на яго забітыя вокны, на зялёны плюшч, які магутна ахапляў сваімі галінамі і парасткамі ўвесь будынак да самага карніза, нібы стараючыся гэтымі старымі касматымі рукамі прыкрыць нёйкую дарагую для мяне тайну. Зразумела, душою гэтай тайны была Эстэла.
Я стараўся так разлічыць час, каб падыйсці да каліткі ва ўрочную гадзіну, у якую і раней я прыходзіў сюды. Пазваніўшы дрыжачаю рукою, я абапёрся спіною аб калітку, стараючыся набрацца духу і супакоіцца.
Я чуў, як адчыніліся бакавыя дзверы, чуў, як нехта ішоў праз двор; але я зрабіў выгляд, што нічога не чую, нават тады, калі калітка адчынілася на іржавых петлях.
Нарэшце, нехта дакрануўся да майго пляча. Я ўздрыгануўся і павярнуўся. Я збянтэжыўся яшчэ больш, апынуўшыся тварам у твар з чалавекам, адзетым ва ўсё цёмнае. Яго я менш за ўсё чакаў сустрэць тут вартаўніком дома міс Гевішам.
— Орлік!
— Так!.. Як бачыце… У лёсе людзей бываюць перамены яшчэ больш дзіўныя, як у вашым. Уваходзьце-ж, уваходзьце! Мне загадана не пакідаць каліткі адчыненай.
Я ўвайшоў. Ён захлопнуў калітку, замкнуў і выняў ключ.
— Дык вы кінулі кузню? — запытаўся я.
— Хіба вам тут што-небудзь нагадвае кузню? — адказаў Орлік, пагардліва азіраючыся навокал. — Ну, няхай гэта будзе кузня, калі вам так падабаецца.
Я запытаўся ў яго, калі ён пакінуў кузню Гарджэры.
— Тут адзін дзень так падобен на другі, — адказаў ён, — што нялёгка сказаць гэта. Я сюды паступіў ва ўсякім выпадку неўзабаве пасля вашага ад‘езду.
— Гэта, мабыць, я і сам сказаў-бы вам, Орлік.
173